Увага! Рэвізія беларускіх суполак «УКантакце»


Кожны трэці карыстальнік інтэрнэту ў Беларусі зарэгістраваны ў сацыяльных сетках. Агулам у нашай краіне падключаныя да кабелю каля 4,3 млн. карыстальнікаў. Мы вырашылі зрабіць псеўдасацыялагічны аналіз месцаў пражывання беларусаў у сацсетцы «УКантакце». У першую чаргу, мы звярталі ўвагу на папулярнасць суполкі ды яе геаграфічную прыналежнасць (пад рэвізію трапілі толькі суполкі з Беларусі).

«Зомбі-ферма» – 2 млн.

Катлы бурляць, агонь гарыць, косы косяць.

Яшчэ ёсць час падарыць сябрам кропельку святочнага жаху і атрымаць прыемны падарунак у адказ. У гэтай суполцы беларусы гуляюць у онлайн-гульню з удзелам мілых зомбі.

«World of Tanks» каля – 1,4 млн.

У гэтай суполцы на кожным кроку зазываюць пастраляць, сесці ў танк і паглядзець спецыялізаваную рубрыку«Браняша». Кам’юніці прысвечанае суперпапулярнай онлайн-гульні беларускай вытворчасці «World of Tanks».

«Макс Корж» – 214 тыс.

Суполка прысвечаная творчасці феномена беларускага шоубізу – спеваку Максу Каржу, які нядаўна сабраў паўнюсенькую «Менск-арэну». Фанатаў Каржа не так шмат, як танкістаў, але Макс сабраў больш падпісчыкаў, чымся «Ляпіс Трубяцкой».

«Ляпіс Трубяцкой» – 124 тыс.

Тут можна знайсці самы свежы прадукт творчасці «Ляпісаў», даведацца пра навінкі «Lyapis Shop» і дамовіцца пра супольную паездку на найбліжэйшы канцэрт. Напрыклад, у Вільні 30 лістапада.

«Літ.бел» – 130 тыс.

Літары па-беларуску або буферная зона беларускай мовы і культуры. Усе прыгожа, стыльна і на мове.

«Чарнобыль» – 86 тыс.

Гэтая суполка адлюстроўвае знакавасць для беларусаў трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Цяпер у суполцы аб’яўляецца набор ахвотных узяць удзел у паездцы ў Чарнобыльскую зону і горад Прыпяць (запланаваная на 7 і 21 снежня).

«Мы за вялікую Беларусь» – 84 тыс.

Палітыка, культура і літаратура. Патрыятычна і ўзнёсла-аптымістычна. Калі слоган «Салідарнасць! Адзінства! Перамога!» – гэта пра вас, то варта далучыцца да 83 тыс. падпісчыкаў.



«Типичный Минск» – 83 тыс.

Паважаныя жыхары і госці сталіцы, вашыя вочы, іронія і пачуццё гумару напаўняюць гэтую суполку жыццём. Бульбатрэш, пацешныя фотафакты і цікавыя сталічныя гісторыі. Падымаем настрой разам з «Типичный Минск».

«Надоел нам этот Лукашенко» – 42 тыс.

Як сказаў у адным з інтэрв’ю былы кіраўнік АБСЕ ў Беларусі Ганс-Георг Вік , «нацыя ў вас узнікае ў працэсе трэння аб Лукашэнку». Дык вось у гэтай суполцы вы зразумееце, недацерліся ці перацерліся беларусы ў працэсе фармавання сваёй нацыі.

Ю.В., belsat.eu

Стужка навінаў