Былы кіраўнік Менскай вобласці: Сямён Шапіра справіцца са сваймі задачамі


«Шапіра – нармальны кіраўнік. Думаю, ён акурат справіцца з тымі задачамі, якія стаяць перад Менскаю вобласцю», – адзначыў Барыс Батура, каментуючы прызначэнне Шапіры на пасаду старшыні Менскага аблвыканкаму.

Былы кіраўнік Менскай вобласці дадаў, што ў сталічным рэгіёне нагрузка большая, але Сямён Шапіра вынес досвед з Гарадзенскай вобласці ды павінен даць рады і тут.

На пытанне, якую параду ён даў бы свайму пераемніку ў плане мадэрнізацыі прадпрыемстваў сталічнага рэгіёну, у тым ліку ААТ «Барысаўдрэў», былы кіраўнік Менаблвыканкаму адказаў: «У цэлым, трэба проста выконваць тыя планы, якія намечаныя ў Менскай вобласці. У нас добрая праграма, і яна выконваецца. Думаю, гэтага будзе дастаткова».

Пра «Барысаўдрэў» – асобная размова, бо распачалі гэтую справу вельмі даўно, яшчэ ў 2007 годзе, дадаў Батура. На ягоную думку, каманда, якая працягне займацца пытаннямі мадэрнізацыі «Барысаўдрэву», дасць рады са сваёй задачаю: «Думаю, яны дасягнуць поспеху, толькі для гэтага трэба час. Паводле маёй ацэнкі, яшчэ паўгода трэба на гэта», – сказаў былы кіраўнік аблвыканкаму.

На гэты момант, паводле Батуры, у яго няма ніякіх планаў далейшага працаўладкавання: «Нічым не займаюся, пакуль адпачываю. Пакуль ніякіх планаў».

З пасады старшыні Менаблвыканкаму Барыса Батуру звольнілі пасля наведвання 8 лістапада Лукашэнкам прадпрыемства «Барысаўдрэў». Кіраўнік дзяржавы жорстка скрытыкаваў чыноўнікаў у сувязі з сітуацыяй у дрэваапрацоўчай прамысловасці ды распарадзіўся зрабіць шэраг кадравых перастановак. «Батуру адхіліць ад займанай пасады і накіраваць сюды кіраўніком. Калі праз тры дні не выйдзе на працу, узбудзіць крымінальную справу», – заявіў Лукашэнка.

У той жа дзень быў падпісаны ўказ прэзідэнта № 502, згодна з якім Барыс Батура вызвалены ад пасады старшыні Менскага аблвыканкаму «за неналежнае выкананне даручэнняў прэзідэнта Беларусі аб мадэрнізацыі вытворчасці ААТ «Барысаўдрэў». Пра новае прызначэнне Батуры ва ўказе нічога не гаворыцца.

Рашэнне аб прызначэнні былога кіраўніка Гарадзенскага аблвыканкаму Сямёна Шапіры старшынём Менскага абласнога выканаўчага камітэту кіраўнік дзяржавы прыняў 14 лістапада.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары