Чаму ўтойвалі звесткі пра візіт Лукашэнкі ў Туркменістан?


Сустрэча кіраўнікоў Туркменістану і Беларусі магла адбыцца раней, але Гурбангулы Бердымухамедаў не скарыстаўся з запрашэння і не прыехаў у Менск. Цяпер жа лідар Беларусі наведаў Ашгабат з пазапланавым візітам. Якія ж пытанні гэтак пільна мусіў абмеркаваць Аляксандр Лукашэнка са сваім туркменскім калегам?



Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка зусім нечакана апынуўся з візітам у Туркменістане. Афіцыйны візіт гэтым разам не анансавалі і паведамілі пра яго ўжо па факце. Выглядае на тое, што ёсць прычыны, мяркуюць эксперты.

{movie} У пошуках сродкаў (05.11.2013) |right|13200{/movie}АЛЯКСАНДР КЛАСКОЎСКІ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК:

«На Захад для Лукашэнкі шлях закрыты. Па-другое, вельмі грошы патрэбныя. І, магчыма, што з’явіўся шанец перахапіць нейкую суму ў туркменбашы. Ну, і нарэшце, склады перапоўненыя, трэба некуды збываць прадукцыю».

А афіцыйна ж паведамляюць пра тое, што кіраўнікі краінаў правялі перамовы ў фармаце сам-насам і ў пашыраным складзе. А па выніках перамоваў падпісалі шэраг дакументаў.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:

«Вось каб з усімі краінамі было так – за пяць гадоў ажно ў пяць разоў вырас таваразварот. Гэта проста цудоўныя тэмпы для нашых краінаў».

Але гэтыя цудоўныя тэмпы таваразвароту, паводле статыстыкі, склалі летась прыблізна ўсяго $ 300 млн. Для параўнання, таваразварот з Расеяй складае ажно каля $ 50 млрд, з Казахстанам – прыблізна мільярд. Але не таваразварот цікавіць кіраўніка Беларусі, які рассыпаўся кампліментамі. Трэба тэрмінова крэдыты.

РАМАН ЯКАЎЛЕЎСКІ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК:

«Пажаданне Лукашэнкі знайсці грошы – цяпер на мяжы, я б сказаў, панікі. Бо проста так ён на асабістым самалёце не паляцеў бы ў госці да таго, хто адмовіўся прыехаць да яго ў госці».

Літаральна дзесяць дзён таму Бердымухамедава чакалі ў Менску на саміце СНД, але туркменскі лідар праігнараваў гэтае мерапрыемства. Выглядае на тое, што ў кіраўніка Беларусі назбіраўся цэлы спіс інтарэсаў да кіраўніка Туркменістану. Бо за апошнія два з паловаю года гэты візіт стаў ужо трэцім.

АНДРЭЙ СУЗДАЛЬЦАЎ, ПАЛІТОЛАГ, МАСКВА:

«Лукашэнка будзе спрабаваць уцягнуць у сваю арбіту Ашгабат як пастаўніка калійных угнаенняў на сусветны рынак. Магчыма, гаворка ідзецца пра нейкія дамовы спрабаваць утрымаць кошты. Бо Туркменістан – трэці гулец на постсавецкай прасторы».

Гаворка ідзецца пра Гарлыкскі горна-абагачальны камбінат вытворчасці калійных угнаенняў, які цалкам стварае Беларусь. На фоне канфлікту з «Уралкаліем» выглядае, што афіцыйны Менск імкнецца замацавацца тут. Тым больш, што ў плане атрымання крэдыту спадзяванні могуць стацца марнымі. Нягледзячы на тое, што Туркменістан – лідар у свеце паводле запасаў газу, Ашгабат мае праблемы з аплатаю за свае рэсурсы ад цяпер асноўнага пакупніка – Кітаю.

РАМАН ЯКАЎЛЕЎСКІ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК:

«Шэраг экспертаў адзначаюць, што кітайцы не жадаюць плаціць і апраўдваюцца тым, што пабудаваны імі трубаправод у сваю краіну і ёсць аплатаю за пастаўлены газ».

Таму вынік чарговага ваяжу ў Азію кіраўніка Беларусі чарговы раз можа стаць нулявым.

АЛЯКСАНДР КЛАСКОЎСКІ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК:

«Канечне, трэба розныя вектары развіваць, але вось толькі за кошт Трэцяга свету, за кошт адсталых краінаў Беларусь не зможа зрабіць рывок наперад. Можна спіхнуць нейкую партыю прадукцыі. Але прагрэсу не будзе».

Надалей кіраўніцтва краіны ўпарта шукае партнёраў за тысячы кіламетраў, прапаноўваючы ўзамен стварэнне чайнатаўну, цяпер жа Лукашэнка выказаў гатовасць стварыць і выспу для туркменскай моладзі.

Сяргей Скулавец, «Аб’ектыў», belsat.eu

Стужка навінаў