Ладан і цыгарэты. Як выбіралі ў Грузіі?


Пахі, стасункі, рэакцыя і вынікі – беларускіх назіральнікаў на прэзідэнцкіх выбарах у Грузіі здзівіла амаль усё. І амаль усё было не гэтак, як у Беларусі. Як прайшлі адныя з найбольш спакойных выбараў у Грузіі?

Выбіраюць людзі без адрасу

Участкі па ўсёй краіне адчыніліся а 8-й ранку. У тбіліскім Палацы спорту маглі аддаць свой голас грамадзяне, якія не маюць вызначанага адрасу. А 8:20 прыйшоў першы выбарнік, праводзілі ж яго апладысментамі. Горад выглядаў, як і ў звычайны дзень. Здагадацца, што адбываецца галасаванне, можна было толькі паводле гучных грузінскіх спрэчак наконт кандыдатаў і саміх выбараў.

Назіральнікі побач з выбарчаю камісіяй

Першае, што ўразіла беларусаў: прадстаўнікі выбарчай камісіі на адным з участкаў Тбілісі запрапанавалі назіральнікам сесці разам з імі ды сачыць за працэсам непасрэдна за рэгістрацыйным сталом.

На ўчастках працавалі назіральнікі ад розных партыяў. На дзіва, сябры розных арганізацыяў ставіліся адзін да аднога па-сяброўску. Напрыклад, два прадстаўнікі ад двух асноўных канкурэнтаў: «Грузінскай мары» і Адзінага нацыянальнага руху – спакойна пілі каву, размаўлялі ды жартавалі.

Сябры выбарчай камісіі гралі ды танчылі

Грузіны назвалі гэтыя выбары самымі сумнымі, бо вынік быў прадказальны, а таму і яўка была невысокая. Паводле звестак Цэнтральнай выбарчай камісіі Грузіі, яна склала 46,6 % (летась на парламенцкіх выбарах яна была 61 %.) Калі на ўчастку не было выбарнікаў, прадстаўнікі камісіі забаўлялі сябе ды назіральнікаў, граючы на нацыянальных музычных інструментах, спяваючы ды танчачы.

Ладан і цыгарэты

Каб слушна абраць з 23 кандыдатаў, некаторыя ішлі ў царкву. Таму дзе-нідзе на ўчастках адчуваўся пах ладану. На іншых жа прыемны ладанавы водар пах змяняўся рэзкім пахам тытуню. У Грузіі нікога не здзіўляе паленне непасрэдна на выбарчым участку. А вось прадстаўнікі міжнародных місіяў, калі бачылі, што на ўчастку тытуняць, адчувалі разгубленасць.

А 9-й вечара па сталіцы Грузіі пракаціўся працяглы звон клаксонаў – гэтак кіроўцы паведамлялі пра перамогу.

Афіцыйныя вынікі абвесцяць не пазней як праз 20 дзён пасля выбараў. Але ўжо сёння вядома, што абралі новага прэзідэнта – філосафа Гіёргі Маргвэлашвілі.

Ганна Аземша, belsat.eu

Стужка навінаў