На “Белсаце” чакаецца шэраг зменаў


На “Белсаце” чакаецца шэраг зменаў – і першыя з іх пачнуць дзеяць ужо з панядзелка. Астатнія – у час Калядаў і на Новы год. Некаторыя праграмы часова знікнуць, але ў святы, вядома, не абыдзецца без падарункаў.

{movie}Змены на «Белсаце» (25.10.2013) |right|13057{/movie}

“Белсат” рыхтуецца да Новага года – напоўніцу наш канал запрацуе са студзеня. Пакуль жа кіраўніцтва пайшло на непрыемныя, але неабходныя крокі. З панядзелка сетка вяшчання будзе больш сціплая.

АГНЕШКА РАМАШЭЎСКАЯ, ДЫРЭКТАРКА «БЕЛСАТУ»: “На жаль, сёлета, як у некаторыя ранейшыя гады, аказалася, што бюджэту “Белсату” не хапіла на ўвесь год, Спадзяюся, мы сутыкаемся з такою сітуацыяй апошні раз, і што 2014 год будзе для нас лепшы. Гэта небеспадстаўныя надзеі – мы маем нагоды спадзявацца на сродкі ад Еўразвязу”.

Пакуль жа некаторыя праграмы з каналу знікнуць.

СЯРГЕЙ ПЕЛЯСА, ПРАГРАМНЫ САКРАТАРЫЯТ: “З 28 кастрычніка “Белсат” змяняе сетку вяшчання на больш сціплую, асноўныя праграмы застануцца. Частка праграмаў сыдзе на вакацыі – гэта “Прасвет”, “Асабісты капітал”, іншыя публіцыстычныя праграмы”.



Змены не закрануць праграмаў “Рэпартэр”, “Маю права”, “Беларусы ў Польшчы” – яны застаюцца. Інфармацыйны ж блок да канца года будзе выходзіць без вядоўцы, аднак аддзел навінаў ужо рыхтуецца да вяртання папярэдняй формы – трохгадзіннай працы жыўцом.



АЛЯКСЕЙ ДЗІКАВІЦКІ, КІРАЎНІК АДДЗЕЛУ ІНФАРМАЦЫІ:
“З 2 студзеня мы вяртаемся з жывым эфірам у інфармацыйна-публіцыстычным блоку, Таксама застаецца ў жывым эфіры “Аб’ектыў”. Тая форма, якую мы выпрацавалі ў мінулым годзе, вяртаецца”.



Апроч жа інфармацыі, як паказала даследаванне нашай аўдыторыі, уключаючы “Белсат”, глядач чакае глыбокіх матэрыялаў: такіх, як дакументальныя фільмы, рэпартажы і культурніцкія праграмы. Таму з Новага года арыентацыя “Белсату” на патрабавальнага гледача яшчэ вырасце – пасля 22-й гадзіны на нашым канале будуць ісці сур’ёзныя праграмы і размовы з вядомымі дзеячамі культуры.

А пакуль “Белсат” зацягвае паясы: з новага панядзелка – і да Калядаў. Бо свята ёсць святам, сярод іншага і ў тэлеэфіры. З 24 снежня “Белсат” узбагаціць праграму фільмамі ды прэм’ернымі паказамі святочных праграмаў.

Мар’яна Чарняева, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў