news
Разбор
«Гарачая фаза». Куды звяртацца па дапамогу са сродкаў, якія беларусы сабралі на марафоне салідарнасці
Спіс 12 арганізацыяў
17.09.202308:00

Чатыры арганізацыі атрымалі на днях першыя выплаты грошаў, сабраных падчас онлайн-марафону салідарнасці з палітвязнямі «Нам не ўсё адно». Як размяркоўваюцца гэтыя сродкі і куды канкрэтна звяртацца людзям, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Пра гэта паразмаўлялі з прадстаўніцай Аб’яднанага кабінету ў сацыяльнай палітыцы Вольгай Гарбуновай, сузаснавальнікам ініцыятывы «BY_help» Аляксеем Лявончыкам і стваральніцай ініцыятывы «Dissidentby» Марынай Касінеравай.

Дзяўчына прымацоўвае папяровага журава на бел-чырвона-белую інсталяцыю. Варшава, Польшча. 7 жніўня 2022 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Пра першыя сродкі, дасланыя ініцыятывам і арганізацыям, паведаміла 13 верасня прадстаўніца Абʼяднанага кабінету Вольга Гарбунова. Грошы атрымалі ініцыятывы «Dissidentby», «BY_help», «Краіна для жыцця» і Беларуская рада культуры.

«Пачалася самая гарачая фаза рэалізацыі марафона – стадыя аказання непасрэднай дапамогі палітвязням і іхным семʼям», – зазначае Вольга Гарбунова.

Яна ўдакладняе, што грошы будуць размеркаваныя паміж 12 ініцыятывамі і арганізацыямі.

«На этапе фармавання ініцыятыўнай групы марафону мы звярталіся да 26 праваабарончых ініцыятываў, арганізацыяў і фондаў. Гэтыя 12 арганізацыяў – тыя, хто прыняў станоўчае рашэнне аб удзеле і хто выказаў гатовасць узяць на сябе адказнасць», – падкрэслівае Вольга Гарбунова.

Якія арганізацыі ў чым дапамагаюць

Менавіта ў гэтыя 12 арганізацыяў могуць звяртацца па дапамогу людзі. Але, як зазначае заснавальніца ініцыятывы «Dissidentby» Марына Касінерава, грошы з марафону размяркоўваюцца арганізацыямі ў мэтавых кірунках.

Марына Касінерава. Жнівень 2020 года.
Фота: Maryna Kasinerava / Facebook

«Гэтак, калі, напрыклад «Дысідэнт» дапамагае з аплатай перадачаў у калоніі ці СІЗА, то грошы ідуць выключна на перадачы – і ні на што іншае. І калі «Байхэлп» дапамагае вызваленым палітвязням у Беларусі з медыцынай, то працуе выключна ў гэтым кірунку. І гэтак далей», – тлумачыць Марына Касінерава і дзеліцца спісам ініцыятываў з акрэсленымі кірункамі дапамогі.

  1. Дапамога з перадачамі для палітвязняў (у СІЗА, калонію) і «атаваркай» – «Dissidentby».
  2. Разавая дапамога на патрэбы палітвязняў і фінансавая падтрымка ў межах праграмы «Сябра сямʼі» – фонд «Краіна для Жыцця».
  3. Кампенсацыя выдаткаў на медычныя патрэбы для палітвязняў – фонд «Littouwin Lions Club».
  4. Дапамога з медычнай рэабілітацыяй вызваленым палітвязням унутры Беларусі – «BY_Help».
  5. Разавая выплата на патрэбы палітвязняў, у тым ліку вызваленых – фонд «BYSOL».
  6. Дапамога палітзняволеным і рэпрэсаваным жанчынам – праект «Палітвязынка».
  7. Персанальная дапамога палітвязням, беларускім дзеячам культуры і іх семʼям – Беларуская Рада Культуры.
  8. Дапамога палітвязням у актуальных патрэбах – Беларуская асацыяцыя палітвязняў «Да волі» (пачынае працу).
  9. Прадуктовая дапамога рэпрэсаваным – «INeedHelpBY».
  10. Дапамога людзям, якія вучыліся або працавалі ў медычнай сферы – «ByMedSol».
  11. Дапамога палітзняволеным анархістам і антыфашыстам – «АЧК-Беларусь».
  12. Дапамога ў межах марафону на перадачы семʼям палітвязняў – «Razam».

Марына Касінерава зазначае таксама, што не трэба прасіць дапамогу на адно і тое ж у розных арганізацыях. Ініцыятывы каардынуюць сваю працу і кантралююць такія моманты. Кантроль над гэтым ажыццяўляе і назіральная рада.

Але пры гэтым адзін чалавек можа звярнуцца ў розныя фонды за рознымі відамі дапамогі. Гэта будзе нармальна і добра, зазначае Касінерава.

«На гэта кожны мае права, і мы заўсёды дапаможам. Таму не маем праблем з тым, што адзін і той жа чалавек звернецца ў розныя арганізацыі, але з рознымі патрэбамі», – дадае Марына Касінерава.

Куды накіроўваюць грошы «Dissidentby» і «BY_help»

Па словах Марыны Касінеравай, 13,5 тыс еўраў з марафону салідарнасці, якія «Dissidentby» ужо атрымаў, дазволяць цягам трох месяцаў аплачваць перадачы палітвязням у калоніі і следчыя ізалятары. З атрыманых грошай ужо былі закрытыя 15 запытаў на агульную суму 3750 еўраў (250 еўраў – на пасылку).

«Астатнія грошы будуць чакаць перадач. Мы рэагуем на кожны запыт. Дзякуючы менавіта гэтым сродкам з марафону ўсё будзе значна хутчэй, людзям не трэба будзе чакаць канца месяца – грошы ў нас ёсць. Калі чалавек звяртаецца – цягам некалькіх дзён дасылаем, і ён спакойна набывае прадукты і ўсё неабходнае для перадачы ў калонію», – сцвярджае Марына Касінерава.

Сузаснавальнік ініцыятывы «BY_help» Аляксей Лявончык распавёў, што на самыя пільныя выпадкі медычнай рэабілітацыі людзей у Беларусі неабходна было 50 тыс еўраў, і «Байхэлп» іх атрымаў. Ён адзначае, што, каб задаволіць запыты на «няпільныя выпадкі», патрабуецца каля 150 тыс еўраў, але іх можна будзе закрыць сродкамі з іншых крыніцаў.

Аляксей Лявончык. Варшава, Польшча. 16 верасня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Я ўсё-такі лічу, што семʼі палітвязняў і тыя, хто сядзіць за кратамі, маюць галоўны прыярытэт гэтага марафону, таму я прасіў сродкі толькі на самыя пільныя выпадкі медрэабілітацыі», – тлумачыць Аляксей Лявончык.

Ён кажа, што 27500 еўраў пойдзе на чатыры кейсы, пазасталыя 22500 – яшчэ на два.

Аляксей Лявончык падкрэслівае, што не можа і не мае права называць асобаў, якія атрымаюць дапамогу, бо гэтыя людзі «маюць спецыфічныя дыягназы», па якіх атрымальнікаў дапамогі можна будзе лёгка ідэнтыфікаваць у Беларусі («Байхэлп» дапамагае з медычнай рэабілітацыяй грашыма з марафону толькі тым, хто знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі).

«Калі чалавек выедзе, то, мабыць, зможа размаўляць і расказаць. Але пакуль з тых, кім мы апякуемся, ніхто не выязджаў», – удакладняе Лявончык.

Ён дадае, што гатовы пасадзіць перад кампʼютарам сябра назіральнай рады, каб паказаць і распавесці – без права здымак і нататак, – якім чынам былі выкарыстаныя сродкі з марафону.

Гарбунова: Такую дапамогу трэба аказваць у цішыні

Менавіта так, па словах Вольгі Гарбуновай, і будзе адбывацца выніковая справаздача аб выкарыстанні сабраных падчас марафону грошай. Ужо маецца дамоўленасць з назіральнай рады, што яе сябры – вядомыя прадстаўнікі СМІ – будуць такім чынам вывучаць дакументы справаздачы асобных фондаў у межах марафону. Перад гэтым сябры назіральнай рады маюць падпісаць згоду аб нераспаўсюдзе персанальных звестак, ім будзе забаронена таксама фота- і відэафіксацыя.

«Я разумею, што вельмі важна было б, каб людзі даведваліся аб канкрэтных кейсах. Гэта падсілкоўвае эмпатыю і пачуццё салідарнасці. Але самым вялікім правалам гэтага марафону асабіста для мяне было б тое, калі б ён прычыніўся да зʼяўлення новых палітвязняў. Мы ні ў якім разе не мусім гэтага дапусціць. Бяспека – найгалоўнейшы прыярытэт працы ўсіх фондаў і арганізацыяў», – зазначыла Вольга Гарбунова.

Вольга Гарбунова
Вольга Гарбунова падчас грамадскіх слуханняў прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета у Каардынацыйнай радзе Беларусі. Варшава, Польшча. 3 жніўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

На яе думку, цікаўнасць людзей да таго, што адбываецца «на гэтай кухні» і чаму такія вялікія сумы ідуць для медычнай аперацыі аднаго чалавека – зʼява натуральная.

«Але такую дапамогу трэба аказваць у цішыні, каб захаваць усе магчымасці і каналы дапамагаць і надалей ды каб людзі заставаліся ў бяспецы. Разумеем цікаўнасць і суперажыванне людзей, але не будзем перашкаджаць прафесіяналам рабіць сваю працу», – гаворыць Вольга Гарбунова.

З гэтым згаджаецца і Марына Касінерава, якая кажа, што «даводзіцца быць максімальна закрытымі», каб «не падставіць людзей». Бяспека – найперш. Дзейнічаць – толькі парупіўшыся пра бяспеку. Дапамога ініцыятываў ні для кога не закрытая.

«Важна, каб людзі пачулі, што магчымасць атрымаць дапамогу ў ініцыятывах і фондах дагэтуль не закрытая. Да нас звярнулася шмат людзей – сваякоў палітвязняў, якія пішуць, што да гэтага не атрымлівалі ніякай дапамогі. Мы разбіраемся з кожным«, – кажа Марына Касінерава.

Калі чакаць наступнага марафону?

На нашае пытанне, калі чакаць наступнага марафону салідарнасці, Вольга Гарбунова адказвае, што гаварыць пра гэта пакуль што заўчасна, хоць «у эфектыўнасці гэтага інструменту пераканаліся ўсе».

«Важна спачатку паставіць кропку ў гэтай гісторыі. Важна даць грамадству справаздачу, даць справаздачу данатарам. Сказаць, што вынікі дасягнутыя і што сума сабраных грошай цалкам рэалізаваная. Толькі потым выходзіць з ідэяй новага марафону салідарнасці», – лічыць Вольга Гарбунова.

Яна заўважае, што ў сеціве зараз абмяркоўваюцца розныя фарматы онлайн-марафонаў, прыкладам – сярод беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне. Таксама – Народныя амбасады Беларусі, у якіх можа атрымацца сапраўды марафон «міжкантынентальнага маштабу».

«Таму нам ёсць да чаго імкнуцца. І калі хто мае яскравыя ідэі правядзення такіх марафонаў – чакаем такіх людзей у нашай камандзе», – запрасіла напрыканцы размовы прадстаўніца Абʼяднанага кабінету ў сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова.

Онлайн-марафон салідарнасці з палітвязнямі «Нам не ўсё адно» прайшоў напрыканцы 29-30 ліпеня 2023 года. Падчас марафону было сабрана 557,8 тыс еўра. Сродкі будуць размеркаваныя паміж 12 беларускімі ініцыятывамі і арганізацыямі і пойдуць на перадачы, медыкаменты, аплату адвакатаў і фінансавую дапамогу семʼям палітзняволеных.

Аб’ектыў
Марафон, які вярнуў салідарнасць
2023.07.31 22:11

Зміцер Міраш belsat.eu