«Чаму беларусы так здзекуюцца над беларусамі?». Размова з Марынай Касінеравай, стваральніцай dissidentby.com


У Беларусі амаль дзве тысячы палітзняволеных. Есць і ахвяры рэжыму. Іх, паводле сайту dissidentby.com, на сённяшні дзень ужо 22 асобы (1 жанчына). І гэта толькі выпадкі, якія здарыліся пасля выбараў 2020 года і смерці, пра якія афіцыйна вядома. Але ўладу нічога не страшыць, а абсалютная беспакаранасць – толькі развязвае рукі. Рэжым працягвае ўзмацняць рэпрэсіі і патэнцыйных ахвяраў можа быць значна больш.

Людзям прысуджаюць гіганцкія штрафы і турэмныя тэрміны. Прычым, толькі асуджэннем беларусаў улада не абмяжоўваецца. Мужчынаў і жанчын, пажылых людзей, а ад выбараў 2020 года ўжо і падлеткаў працягваюць катаваць у турмах, пастаянна збіваючы, пакідаючы іх без нармальных умоваў для сну, катуючы найніжэйшымі варункамі ўтрымання і ўрэшце – забіваючы.

Каментар
За што крытыкуюць падыход «Вясны» да прызнання палітвязнямі? Тлумачыць Касінераў
2023.05.18 19:39

Рэжым, прыдумляючы самыя розныя падставы, не дапускае да вязняў не толькі родных, але і адвакатаў. Ужо амаль месяц няма нічога пра стан Віктара Бабарыкі і Алеся Бяляцкага, больш за тры месяцы не выходзіць на сувязь Мікалай Статкевіч, з лютага невядома ў якім стане Максім Знак, ад 10 сакавіка не паступае аніякіх паведамленняў ад Сяргея Ціханоўскага. Марыя Калеснікава, Ігар Лосік, іншыя – на іх таксама ўлада прымушае «забыцца», як на зніклых.

Роўна год таму, 21 траўня 2022-га праваабаронцы Цэнтр «Вясна» абвесціў Днём палітзняволенага ў Беларусі. Менавіта ў гэты дзень годам раней у шклоўскай калоніі №17 пры нявысветленых абставінах памёр актывіст з гораду Бярозаўка Лідскага раёну Гарадзенскай вобласці, чалец партыі БНФ, палітзняволены Вітольд Ашурак. Суддзя Максім Філатаў прызначыў яму вырак «5 год у калоніі агульнага рэжыму». Накіравалі вязня адбываць тэрмін у шклоўскую калонію, дзе 21 траўня 2021 года 50-ці гадовы Вітольд памёр: паводле афіцыйнай версіі, ад спынення сэрца. Родныя лічаць, што яго забілі.

Гісторыі
«Гэта было забойства». Што сёння вядома ў справе Вітольда Ашурка, які загінуў у шклоўскай калоніі
2023.05.21 14:11

Адкуль такое нялюдства і бяязмежная жорсткасць? Чаму беларусы так бязлітасна здзекуюцца над беларусамі? Стваральніца рэсурсу з самай дасканалай і вычарпальнай інфармацыяй пра палітычных зняволеных у Беларусі Марына Касінерава – актывістка левага руху. Ад 2020 года яна працуе за мяжою. Сайт яшчэ ў 2021 годзе быў заблакаваны. У сярэдзіне лютага 2022 года да маці Марыны ў Бабруйску прыйшлі з вобшукам і забралі ўсю тэхніку прадстаўнікі спецслужбаў. А потым гаспадыню адвялі на допыт у мясцовы КДБ. Марына – актыўная ўдзельніца стварэння руху для падтрымкі палітвязняў і барацьбы за іх вызваленне. Вось што яна распавяла «Белсату» напярэдадні адзначэння другога ў нашай гісторыі Дня палітзняволеных.

Актывістка Марына Касінерава ў майцы ў падтрымку Емельянава. Фота – belsat.eu

«Актывісты, бывае, даведваюцца пра затрыманне толькі тады, калі распачынаецца суд»

– Мы імкнемся даказаць, што палітзняволеных як мінімум столькі, колькі адлюстроўваецца на нашым сайце (1787). Бо гэта зарэгістраваныя кейсы, дзе мы ведаем імя і прозвішча, артыкул, прысуд, ці статус чалавека. Чаму розніца з «Вясною»? У нас розныя падыходы да існуючых крытэрыяў. Падкрэсліваю, не самі крытэрыі розныя, а толькі падыход да іх і іх тлумачэння.

– Вы раней казалі, што звычайна родныя ў страху не агалошваюць інфармацыю пра затрыманых і дапамагчы ім адразу не ўдаецца. Ёсць прыклад менчука Ўладзіслава Манюка, які быў асуджаны на год пазбаўлення волі за графіці «Рэзаць АПАП» і вызвалены па сканчэнні тэрміну пакарання 4 ліпеня 2022 года. Але праваабаронцы даведаліся пра гэта толькі за месяц да ягонага выхаду на волю. Уладзіславу патрабавалася падтрымка, але бацькі ўпарта не хацелі агалошваць ягоную сітуацыю з-за страху.

– Так, і гэта гісторыя не адзіная. Таму губляецца аб’ектыўны лік палітвязняў, спыняецца дапамога. Актывісты, бывае, даведваюцца пра затрыманне толькі тады, калі распачынаецца суд, нават пасля яго. Улады адчуваюць беспакаранне і не бачаць прычынаў спыняцца. Мы не лічым неабходным казаць людзям, якім чынам ім варта абараняць свае правы, мы рэагуем на парушэнні правоў чалавека і праз сваю дзейнасць даем ім бачнасць. Менавіта яна павінна быць пастаянна ў статусе палітвязня. Зняцце стыгмы «злачынцы», магчымасць быць рэабілітаванымі ў вачах грамадства як зараз, гэтак і пасля, а таксама мець варыянты атрымання дапамогі (бо калі пра чалавека ведаюць і чытаюць, ёсць больш шанцаў, што людзі змогуць дапамагчы).

Андрэй Ашурак (у цэнтры), брат загінулага палітвязня Вітольда Ашурка, трымае плакат падчас фота на памяць з удзельнікамі імшы, прысвечанай да гадавіны смерці палітвязня Вітольда Ашурка. Варшава, Польшча. 22 траўня 2022 года.
Фота: ВО / Белсат

– Але ж палітвязні існуюць далёка не ўва ўсіх краінах.

– Пры гэтым, там, дзе яны ёсць, заўсёды маюць асобнае стаўленне да сябе з боку дзяржавы, бо з’яўляюцца апанентамі дзейнай улады. І колькасць пераследуемых – гэта паказнік аўтарытарнасці краіны. У сталінскія часы людзей расстрэльвалі адразу ці адпраўлялі паміраць у Сібір, але ў сённяшняй Беларусі, па вялікім рахунку, маштаб рэпрэсій такі ж, а нават, часам, і горшы. І мы не можам ведаць чым гэта скончыцца. Бо Лукашэнка і ўсе ягоныя структуры – гэта наўпроставыя нашчадкі, якія не проста паўтараюць, а хочуць паўтараць дзікунскую гісторыю сталіншчыны.

«Мы неаднаразова чулі, што самі лезем на тыя плошчы, таму і сядзім у турмах»

– Але ж і звычайныя грамадзяне падтрымліваюць гэтак званую «жорсткую дысцыпліну».

– Грамадства ставіцца па-рознаму. Калі ў лютым 2020 года суд прыгаварыў беларускіх анархістаў Мікіту Емяльянава і Івана Комара да сямі гадоў узмоцненага рэжыму за атаку кактэйлем Молатава на СІЗА-1 (тады там знаходзіўся палітвязень Дзмітрый Паліенка) на знак салідарнасці, то каментары з большага былі такія: не варта так рабіць, гэта дурное. Мы таксама неаднаразова чулі, што самі лезем на тыя плошчы, таму і сядзім у турмах. Але пасля жніўня 2020-га меркаванні ў беларускім грамадстве змяніліся. Хай усё яшчэ існуе значны адсотак насельніцтва, для якога галоўная стабільнасць выключна вакол іх і патаканне дыктатару.

– Але чаму ж беларусы так катуюць беларусаў?

– А хто такі беларус увогуле? Лукашэнка таксама беларус па месцы нараджэння, як і любы губазікавец, амапавец, спезназавец, суддзя альбо пракурор. Хіба ў іхным разуменні Беларусь выглядае зусім па-іншаму, адваротна ад нашага ўяўлення. І яны змагаюцца менавіта за яе, за тую, сваю, існаванне якой мы не можам дапусціць і вядзем барацьбу за тое, каб гэта хутчэй сышло. Таму я не думаю, што варта канцэнтравацца на «нацыянальнай самаідэнтыфікацыі», а перш за ўсё глядзець на каштоўнасці адно аднаго і шмат з гэтым працаваць, калі для людзей важны толькі колер сцяга, ад яго, як лічаць некаторыя, усе праблемы і беды, альбо перавагі і перамогі.

Каментар
Аляксандр Кабанаў: Ледзь не кожная сям’я ў Беларусі мае дачыненне да палітвязняў
2023.05.17 23:09

– Ваша арганізацыя клапоціцца пра тых, чые сваякі загінулі ад рэпрэсіяў?

– Па ахвярах, на жаль, поўнай кантактнай інфармацыі ў нас няма. Мы спрабуем захаваць памяць. З часам спадзяемся дапрацаваць асобныя моманты і дадаць людзей, якія даўно загінулі праз палітыку.

«Нашая галоўная мэта – гарызантальныя сувязі і дэцэнтралізацыя»

– Ёсць нейкая асаблівасць, адрозненне ад іншых у працы вас і вашых калегаў?

– Мы пазіцыянуем сябе як антыфонд, бо нашая галоўная мэта – гарызантальныя сувязі і дэцэнтралізацыя. Дзелімся сваім досведам і дапамагаем людзям наладзіць сувязі, каб дапамога была як мага больш хуткай і эфектыўнай. Калі чалавек проста заданаціў, то гэта не ўключае яго ў сам працэс. І ён можа хутка пераключыцца на іншае здарэнне, якое эмацыйна адбілася. Усе чулі, што праз вайну ва Украіне ў шмат якіх арганізацыях скараціліся ахвяраванні.

Пра нас, шчыра кажучы, я не магу такое сказаць. Бо, па-першае, мы не збіраем шмат рэсурсаў цэнтралізавана, па-другое, – працуем на доўгатэрміновую дапамогу. І менавіта такі падыход лічым найбольш каштоўным. Калі тыя, хто жадае дапамагчы, могуць паразмаўляць з сем’ямі, запытацца ў іх пра надзённыя праблемы, падтрымаць маральна, а дзесьці і фінансава, то гэта вельмі важны аспект для кожнага боку: з аднаго пункту гледжання – разуменне праблемы, з іншага – моцная падтрымка, у тым ліку і на вырашэнне бягучых пытанняў. Мы вельмі ўдзячныя ўсім, хто працягвае заставацца з намі і з палітвязнямі, а таксама тым, хто далучаецца да нашай ініцыятывы.

– Неўзабаве настае час, калі тысячам палітвязняў трэба будзе адаптавацца ў грамадстве пасля перанесенай маральнай траўмы з пагоршаным станам здароўя і стратай шмат сілаў.

– Праблема рэсацыялізацыі для вязняў была заўсёды, асабліва для палітычных. Зараз складана размаўляць пра дапамогу працай у Беларусі. Усе разумеюць рызыкі. Але мы заўсёды ўдзячныя прапановам для рэпрэсаваных (на дыстанцыйную працу, напрыклад). Калі хтосьці хоча ўладкаваць палітычных, дапамагчы ім з жыллём або навучыць чамусьці (новай спецыяльнасці, напрыклад) – напішыце нам. Мы заўсёды знойдзем адрасата.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

 

Стужка навінаў