На прадпрыемстве «Полацк-Шкловалакно» пачалі выплачваць заробкі бартарам. Што кажа эканаміст


Працаўнікі прадпрыемства «Полацк-Шкловалакно» могуць атрымліваць заробкі не грашыма, а «ў натуральнай форме» – прадукцыяй. Палажэнне наконт такой аплаты іхнае працы набыла моц з 1 жніўня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: vitvesti.by

Як піша завадская газета «Працоўная змена», працаўнікам прадпрыемства «Полацк-Шкловалакно», каб атрымаць заробак «у натуральнай форме», неабходна падаць пісьмовую заяву ў адміністрацыю. Прычым сума тавараў не можа перавышаць 200 рублёў за месяц.

На прадпрыемстве ўзнавілі таксама сістэму разлікаў за абеды ў сталоўцы за кошт будучых заробкаў.

Ці законна гэта?

Навуковы кіраўнік Офісу простых рашэнняў і вынікаў (Украіна) Яраслаў Раманчук лічыць, што ў лукашэнкаўскай таталітарнай дзяржаве пытанне пра законнасць выплаты заробкаў бартарам – рытарычнае.

«Калі працаўнікі не маюць голасу, калі іх не бароняць прафсаюзы і правы – тады кіраўнікі робяць, што захочуць. Паколькі ніякіх пазоваў у суд ніхто не падаваў, то пытанне пра законнасць – рытарычнае. Усё залежыць ад таго, як да гэтага паставіцца раённае начальства ці нейкія кантралёры», – кажа Яраслаў Раманчук.

Эканаміст Яраслаў Раманчук. Крыніца: b-g.by

З ягоных словаў, калі працаўнікі таго ці іншага прадпрыемства проста сядзяць і чакаюць манны нябеснай, то чакаць давядзецца яшчэ вельмі доўга.

«Але гэта, безумоўна, сведчыць пра вельмі дрэнны стан рэчаў на тым або іншым прадпрыемстве», – падкрэслівае эканаміст.

«Факты будуць пашырацца»

Выплата заробкаў «у натуральнай форме», кажа Раманчук, – «гэта з галечы, неэфектыўнага кіравання і адсутнасці абаротнага капіталу».

Яшчэ – з прычыны форс-мажорных акалічнасцяў, у якія трапілі многія беларускія прадпрыемствы ў сувязі з увядзеннем санкцыяў ЕЗ супраць лукашэнкаўскага рэжыму як суагрэсара ў вайне супраць Украіны.

«І менавіта гэта магло стаць прычынай таго, што прадпрыемствы не могуць сёння ні прадаць прадукцыі, ні паспяхова канкураваць», – кажа эксперт.

Яраслаў Раманчук канстатуе, што пакуль факты выплаты заробкаў бартарам не вельмі распаўсюджаныя ў Беларусі, але прагназуе, што яны будуць пашырацца, калі «беларуская эканоміка нічога не будзе рабіць і будзе заставацца ў пракруставым ложы дзяржплану».

Агляд
Звышзадача – разагнаць ВУП, астатняе другасна: да чаго гэта можа прывесці
2023.08.14 08:50

belsat.eu

Стужка навінаў