«Дадатковых грошай не будзе». Эканамісты прааналізавалі прагноз Сусветнага банку для Беларусі


Telegram-канал «Нашы грошы» выпусціў каментар з нагоды публікацыі Сусветным банкам вясновага агляду эканамічных перспектываў для краінаў Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Адна з высноваў: дадатковых грошай у беларускага бюджэту не будзе ад слова «зусім».

Беларусбанк, беларускія банкі, грошы, зберажэнні, фінансы
Жанчыны каля банкамату «Беларусбанку». Менск, Беларусь. 23 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

У вясновым аглядзе Сусветны банк палепшыў прагноз беларускага ВУП: цяпер чакаецца, што эканоміка вырасце на 0,6% сёлета і на 1,4% налета. Раней прагназавалася мінус 2,3% сёлета і плюс 2,5% налета.

Банк чакае, што ў 2023-м інфляцыя ў Беларусі складзе 11%, у наступным – знізіцца да 10%, а ў 2025-м – да 8%.

Сусветны банк мяркуе, што сёлета эканоміка Беларусі працягне адаптавацца да санкцыяў. Росту ВУП паспрыяе аднаўленне з дапамогай Расеі галінаў нафтахіміі, машынабудавання і вытворчасці харчоў.

Telegram-канал «Нашы грошы» звярнуў увагу на раздзел «спажыванне насельніцтва»: аналітыкі банку не чакаюць росту гэтага паказальніка.

«Тут сышлося адразу некалькі фактараў: з аднаго боку, людзі з’язджаюць з краіны, з другога – у крызісныя часы людзі не імкнуцца марнаваць лішнія грошы, па-трэцяе – праблемы з лагістыкай да гэтага часу ствараюць перабоі ў прапанове», – піша канал.

Hавiны
Сусветны банк палепшыў прагноз беларускага ВУП. Але прызнаў, што Менск хавае статыстыку
2023.04.07 10:03

Артыкул «дзяржаўныя выдаткі» наглядна дэманструе, што дадатковых грошай у беларускага бюджэту не будзе ад слова «зусім», адзначае выданне. Сёлета – мінімальны рост, налета – плюс 0,6%, а ў 2025-м – мінус 0,3%. Сусветны банк прагназуе, што бліжэйшым часам імпарт будзе расці хутчэй за экспарт.

«Кампаніям давядзецца больш плаціць, чым атрымліваць грошай звонку. А агульная эканамічная сітуацыя ў краіне, у сваю чаргу, ніяк не спрыяе напаўненню бюджэту падаткамі», – тлумачыць Telegram-канал.

Пры гэтым Сусветны банк прадказаў павелічэнне інвестыцыяў у Беларусі: сёлета – на 3,5%, налета – на 2,2%, у 2025-м – на 2,5%.

«Адбывацца гэта будзе фактычна за кошт друкавання грошай, бо рэсурсаў для такога росту папросту няма адкуль узяць. Рост інвестыцыяў шляхам эмісіі значыць, што мы будзем увесь час, затыкаючы дзіркі, пладзіць новыя праблемы, адкладаючы іх развязанне на заўтра. І відавочна, што рана ці позна гэта вельмі непрыемнае «заўтра» наступіць», – адзначаюць «Нашы грошы».

Выданне падсумавала, што ўсе прагнозы больш-менш актуальныя пры ўмове, што сітуацыя ў Расеі – галоўнага эканамічнага партнёра Беларусі – істотна не зменіцца.

Аналітыка
«Заробкі ўперліся ў столь». Эксперты параўналі беларускую эканоміку з домам, што гніе
2023.04.13 08:01

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў