«Нам супрацьстаяць 7 элітных брыгадаў». Што адбываецца ў Аўдзееўцы


Інстытут вывучэння вайны (ISW), спасылаючыся на геалакацыйныя звесткі, паведамляе, што расейскія войскі перарэзалі апошні шлях з Аўдзееўкі, якім карысталіся Збройныя сілы Украіны ў лагістычных мэтах. Але, паводле прадстаўніка Таўрычнай групы войскаў Аляксандра Тарнаўскага, украінскія вайскоўцы карыстаюцца другаснымі наземнымі лініямі для забеспячэння ЗСУ.

Разбураныя дамы ў Аўдзееўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

Паводле ISW, расейцы акружаюць Аўдзееўку, але ЗСУ аказваюць жорсткі супраціў.

«Сітуацыя складаная. Вораг складаны. Маем інфармацыю, што супраць нас стаяць сем варожых брыгадаў. Скажу так, гэта больш, чым з нашага боку. Мы паставілі рэкорд знішчэння жывой сілы і варожай тэхнікі за адзін дзень. Але пакуль святкаваць і радавацца асабліва няма чаму, таму што вораг звышскладаны, ён закінуў сюды свае элітныя падраздзяленні.

Гэта можна параўнаць з тым перыядам, калі пад Бахмутам яшчэ стаялі вагнэраўцы, пакуль мы іх адтуль не выбілі, але, мабыць, нават складаней», – каментаваў сітуацыю «Украінскай праўдзе» камандзір падраздзялення «Terra» ў 3-й ДШБ ЗСУ Мікалай Абдула Волахаў.

У чацвер 15 лютага маніторынгавы праект «DeepState» абнаўляў мапу баявых дзеянняў. Паводле «DeepState», украінскія вайскоўцы адышлі з пазіцыяў у раёне «Зеніту» ў Аўдзееўцы. Эксперты адзначалі, што гэтая пазіцыя была ў атачэнні і адступіць удалося не ўсім.

Камандуючы аператыўна-стратэгічнай групоўкай войскаў «Таўрыя» генерал Аляксандр Тарнаўскі паведамляў уначы з 15 на 16 лютага, што сітуацыя ў Аўдзееўцы была складаная, але кантраляваная. Паводле яго, адбывалася планавае ўзмацненне падраздзяленняў і ажыццяўляліся манеўр войскаў на кірунках, на якіх пагражаў вораг. Выдаваліся дадатковыя рэсурсы боепрыпасаў.

У ISW, між тым, папярэджвалі, што «расейскія войскі могуць завяршыць акружэнне некаторых украінскіх падраздзяленняў, калі ўкраінскія войскі не адыдуць або не правядуць паспяховых контратак».

Агляд
Расейцы разразаюць Аўдзееўку на часткі і спрабуюць атачыць. Што вядома?
2024.02.15 18:35

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў