У «міралюбнай» дактрыне Беларусі прапісалі ўжыванне ядравай зброі. ААН просяць разабрацца


Абноўленая Вайсковая дактрына Беларусі захоўвае і падкрэслівае міралюбны характар нашай краіны. Але пры гэтым прадугледжвае ўжыванне ядравай зброі. Пра гэта 16 студзеня заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін, каментуючы вынікі пасяджэння Савету бяспекі, на якім разглядаліся праекты Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Вайсковай дактрыны Беларусі.

Ядравы выбух у Менску. Калаж: Белсат

Паводле міністра, у дактрыне прапісаны «міралюбны характар нашага народу» і тое, што ніводны народ не разглядаецца як вораг, «нягледзячы на дзеянні іх урадаў», піша Sb.by.

«Дактрына стала адраснай: мы дакладна называем крыніцы ваенных пагрозаў нашай краіне. Яна ўзмацніла сувязь з праектам Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі: мы дакладна выбудавалі і сфармулявалі тыя захады, якія дзяржава будзе ўжываць пры ўзнікненні рызык, выклікаў і пагрозаў. У рамках рэагавання на магчымыя ваенныя пагрозы мы дакладна вызначылі і даводзім погляды Рэспублікі Беларусь на ўжыванне размешчанай на нашай тэрыторыі тактычнай ядравай зброі», – сказаў Віктар Хрэнін.

Таксама ў дакуменце з’явіўся раздзел, у якім дакладна вызначаныя абавязкі рэжыму ў Беларусі перад ягонымі саюзнікамі.

ААН будзе рэагаваць?

Прадстаўнік у замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі заклікаў Арганізацыю Аб’яднаных Нацыяў адрэагаваць на новую Вайсковую дактрыну рэжыму.

«Новая Ваенная дактрына рэжыму Лукашэнкі прадугледжвае кантроль над тактычнай ядравай зброяй, якую Расея вырашыла размясціць у Беларусі. Гэта яшчэ адна спроба незаконнага кіраўніка разбурыць у цяперашнім нестабільным свеце міжнародныя дамоўленасці пра нераспаўсюд ядравай зброі», – заявіў палітык.

Паводле яго, «гэты абуральны крок заслугоўвае адкрытага і выразнага адказу з боку Упраўлення ААН у пытаннях раззбраення».

Hавiны
Лукашэнка пагражае «без вагання» выкарыстаць ядравую зброю, якой яму ніхто не перадае
2023.06.13 13:25

Пра размяшчэнне расейскай ядравай зброі ў Беларусі Уладзімір Пуцін заявіў 25 сакавіка 2023 года. 16 чэрвеня ён паведаміў, што першыя тактычныя ядравыя снарады дастаўленыя ў Беларусь, і да канца 2023 года будзе размешчаная ўся запланаваная колькасць зброі. 27 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў, што частка расейскай ядравай зброі ўжо ў Беларусі.

У верасні пачаўся чарговы этап дастаўкі кампанентаў расейскай ядравай зброі ў Беларусь, паведамляла супольнасць беларускіх чыгуначнікаў.

25 снежня 2023 года перад пачаткам саміту ЕАЭС у Санкт-Пецярбургу Лукашэнка заявіў, што перакідванне ядравай зброі ў Беларусь ужо даўно завершанае.

«Усё на сваіх месцах у добрым стане», – заявіў ён.

А раней намеснік дэпартаменту ў пытаннях нераспаўсюду і кантролю над узбраеннямі МЗС РФ Канстанцін Варанцоў падчас паседжання Першага камітэту раззбраення Генеральнай асамблеі ААН заявіў, што вывад расейскай ядравай зброі з Беларусі немагчымы без «адмовы ЗША і NATO ад курсу на падрыў бяспекі Расеі».

7 студзеня 2024 года ў выданні «The Wall Street Journal» з’явіўся артыкул, у якім гаворыцца аб тым, што тактычная ядравая зброя, хутчэй за ўсё, размешчаная на тэрыторыі 116-й штурмавой авіяцыйнай базы ў Лідзе. «Беларускі Гаюн» кажа, што гэта ўсё пустыя заявы.

Hавiны
«Беларускі Гаюн»: Доказаў знаходжання ядравай зброі ў Беларусі ў артыкуле «The Wall Street Journal» не прыводзіцца
2024.01.08 18:38

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў