Пятро Парашэнка ўпэўнены, што яго не арыштуюць пасля вяртання ў Кіеў


Былы прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка лічыць, што цяперашні прэзідэнт Уладзімір Зяленскі даў указанне распачаць супраць яго крымінальную вытворчасць, але ён упэўнены, што пасля вяртання ў Кіеў яго не арыштуюць. Аб гэтым Парашэнка заявіў на брыфінгу ў Варшаве, паведамляе «Украинская правда».

Летась у снежні ўкраінскія праваахоўнікі паведамілі, што расследуюць «арганізацыю злачыннай схемы пастаўкі вугалю з часова акупаваных тэрыторыяў і фінансаванні тэрарыстычных арганізацыяў ДНР і ЛНР». Парашэнка стаў адным з фігурантаў гэтай справы: яго падазраюць у дзяржаўнай здрадзе і садзейнічанні тэрарыстычным арганізацыям. Паводле гэтых артыкулаў экс-прэзідэнту пагражае да 15 гадоў зняволення. На ягоную маёмасць накладзены арышт.

З канца снежня 2021 году Пятро Парашэнка знаходзіцца за межамі Украіны, але заўтра, 17 студзеня, плануе вярнуцца.

«Я вяртаюся ва Украіну, каб змагацца за Украіну, а не змагацца з Зяленскім», – заявіў ён. Экс-прэзідэнт таксама адзначыў, што прыязджае ва Украіну, каб склікаць пазачарговую сесію Вярхоўнай Рады ва ўмовах пагрозы новай расейскай агрэсіі.

На брыфінгу ў Варшаве Парашэнка выказаў упэўненасць, што для яго арышту няма ніякіх падставаў. Збіраць «трывожны чамаданчык» ён не плануе.

«Не таму, што я такі недатыкальны, але нуль падставаў для гэтага. Упэўнены, што Зяленскі гэтага не зробіць – ён не стрэліць сабе ў нагу», – цытуе экс-прэзідэнта тэлеканал «Прямий».

Пры гэтым Парашэнка дапускае, што самалёт, якім ён прылятае ў Кіеў у панядзелак, могуць пасадзіць у аэрапорце Барыспаль замест Жулянаў, як запланавана.

Парашэнка адзначыў, што ён не можа дакладна адказаць на пытанне, чаму Зяленскі вырашыў распачаць супраць яго справу, але мае некалькі версіяў. Першай прычынай, на думку экс-прэзідэнта, можа стаць падзенне рэйтынгу Зяленскага ў снежні. Другі – спроба адцягнуць увагу ад праблем у энергетыцы. Парашэнка адзначыў, што ва Украіне пустыя склады вугалю і праблемы з газам. Ён падкрэсліў, што Зяленскі купляе электраэнергію ў Беларусі, а вугаль – у Расеі.

Hавiны
Ва Украіне наклалі арышт на маёмасць Пятра Парашэнкі
2022.01.06 19:03

РР belsat.eu

Стужка навінаў