Лукашэнка хоча бачыць Беларусь цывілізаванаю краінаю


Аўтар перлу “Я сваю дзяржаву за цывілізаваным светам не павяду” лічыць, што гэтак нас маюць успрыняць замежныя госці, якія прыедуць на чэмпіянат свету па хакеі 2014 года.

Кіраўнік Беларусі заявіў, што трэба паказаць усёй міжнароднай супольнасці высокую ступень арганізацыі спартовага форуму.

“Чэмпіянат свету – гэта не проста спартовая падзея, гэта той момант, калі мы выставім краіну напаказ. І якая будзе краіна, такое і меркаванне складзецца ва ўсяго свету пра нашую краіну, – тлумачыць Лукашэнка. – Людзі будуць ехаць не толькі паглядзець, як гуляе любімая каманда, але ў іх прыхаванае, а, можа быць, і самым галоўнае будзе пытанне: а што ж гэта за краіна, якую хтосьці спрабаваў выключыць з чэмпіянату свету?.. Гэта вельмі важна, і мы мусім паказаць усяму свету, што мы сапраўды цэнтральнаеўрапейская, цывілізаваная краіна”, – заявіў кіраўнік Беларусі.

А. Лукашэнка таксама паведаміў, што трэба зрабіць так, каб візіт гасцей у Беларусі быў камфортны, а прапанаваны сэрвіс мог задаволіць самую патрабавальную публіку. “У нас яшчэ ёсць час для таго, каб шмат што можна было зрабіць і паправіць”, – падкрэсліў ён.

Чэмпіянат свету па хакеі пройдзе ў Менску з 9 да 25 траўня 2014 г. Гульні адбудуцца на дзвюх спартовых пляцоўках: “Менск-Арэна” і “Чыжоўка-Арэна” (адкрыццё запланаванае на 7 лістапада).

Ю.В., belsat.eu

Стужка навінаў