«А вогнішча на пікеце паліць будзеце?» – крэатыў гарадзенскіх чыноўнікаў


Праваабаронцам забаранілі праводзіць пікет, бо тыя не ўказалі ў заяўцы, ці будуць масавае мерапрыемства праводзіць «з выкарыстаннем піратэхнічных вырабаў і адкрытага агню».

Заяўнікі Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч і Раман Юргель хацелі 10 кастрычніка ў Сусветны дзень змагання супраць смяротнага пакарання інфармаваць жыхароў гораду пра сітуацыю наконт гэтага пытання ў нашай краіне. «На гэты раз чыноўнікі выканалі патрабаванне заканадаўства ў той частцы, што даслалі заяўнікам адмову ў вызначаны тэрмін, праўда, у апошні дзень – 5 кастрычніка. Затое абгрунтаванне адмовы ў правядзенні пікету проста абсурднае», – паведамляе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».

У афіцыйным лісце за подпісам намесніцы старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму Алены Агей пералічваюцца прычыны адмовы. Па-першае, заяўнікі не ўказалі, ці будзе выкарыстоўвацца падчас акцыі адкрыты агонь. Па-другое, «зыходзячы з адказаў аддзелу ўнутраных справаў адміністрацыі Ленінскага раёну, гарадзенскай гарадской жыллёва-камунальнай гаспадаркі і гарадской станцыі хуткай дапамогі на адпаведныя запыты, гарвыканкам прыйшоў да высновы, што заяўнікі не ў стане выканаць патрабаванняў заканадаўства».

Адзін з заяўнікаў пікету, праваабаронца Уладзімір Хільмановіч, акрэсліў гэты ліст як адмову, «выпісанаю з асаблівым цынізмам».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў