Лукашэнка: Асад – добры і прыстойны чалавек, а паводзіны ЗША нагадваюць фашызм (відэа)


Аляксандр Лукашэнка мяркуе, што ў ЗША культывуецца ідэя «амерыканскай выключнасці», і параўноўвае яе з сітуацыяй у нацысцкай Германіі ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. Кіраўнік Беларусі ў інтэрв’ю казахскаму тэлеканалу «24 KZ» таксама бароніць Башара аль-Асада, асуджае зрынанне і гібель Муамара Кадафі ды Садама Хусэйна.

{movie}Лукашэнка бароніць Асада і крытыкуе ЗША (Інтэрв’ю тэлеканалу 24kz) |right|12725{/movie}

Выключнасць ЗША

«Вы паглядзіце, да чаго дагаварыліся. Амерыканская нацыя (як гісторык не магу гэтага зразумець, што за нацыя такая) прысвоіла сабе права нейкай выключнасці», – зазначыў Лукашэнка, каментуючы заяву прэзідэнта ЗША Барака Оўбамы пра выключную ролю амерыканскай нацыі на міжнароднай арэне.

«Мы гэтую выключнасць у сярэдзіне мінулага стагоддзя перажылі, і яна каштавала 50 мільёнаў жыццяў. Тут ужо патыхае чымсьці нядобрым», – дадаў Лукашэнка.

Асабліва недапушчальным Лукашэнка лічыць гэтую рыторыку з вуснаў цяперашняга прэзідэнта ЗША. «Наагул мяне Оўбама здзіўляе. Яшчэ зусім нядаўна чарнаскурыя людзі ў Амерыцы рабамі былі, сёння ўжо пра выключнасць нейкую заяўляюць. Я ніколі не думаў, што чалавек, які выйшаў з гэтых бедных пластоў, зможа такую рыторыку ў свеце праводзіць».

Асад – «вельмі добры чалавек»

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся ў інтэрв’ю, што ён добра сябруе з цяперашнім кіраўніком Сірыі Башарам аль-Асадам.

«Гэта вельмі інтэлігентны і прыстойны чалавек, вельмі добры чалавек. Я някепска ведаю Сірыю, вельмі харошыя людзі, патрыятычныя, арыентаваныя на сваё кіраўніцтва», – зазначыў Лукашэнка.

Ён упэўнены, што ўмяшанне ва ўнутрысірыйскі канфлікт ЗША і сілаў НАТО «нічым добрым не скончыцца» і прыводзіць як прыклад сітуацыю ў Егіпце ды Іраку.

«Усё гэта свет ужо бачыў: ад Садама Хусэйна да лівійскага прэзідэнта Муамара Кадафі, аднаго павесілі, другога на кол пасадзілі, разарвалі. У Егіпце, вунь, зрынулі, ляжыць як качан, пакутуе ў больніцы чалавек, што ён кепскага зрабіў?», – заявіў Лукашэнка.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў