«Жулікі абдзіраюць народ». Аднаасабовы пікет у Баранавічах


«Уральскіх жулікаў ловяць, а свае абадралі народ і на Канарах адпачываюць», – з такім плакатам у старым баранавіцкім парку пратэставаў прадпрымальнік і грамадскі дзеяч Мікола Чарнавус.

Гэткім чынам прадпрымальнік пратэставаў супраць аплаты ралетаў. Прадпрымальнікі аплацілі ўсталяванне на мясцовым кірмашы ралетаў, а цяпер плоцяць за іх арэнду.

«Узятыя наяўныя грошы з прадпрымальнікаў на будаўніцтва ралетаў – мільярды. Без падатку, без нічога… Больш за 500 ралетаў збудавалі з сакавіка пазамінулага года. Уявіце, якая сума, калі ралет – пару тысяч долараў… Я змагаўся, пісаў і ў пракуратуру, і ў аблвыканам, і прэзідэнту, і ў Міністэрства падаткаў. І ўсе адыходзяць ад адказу. Міністэрства падаткаў нават такі адказ даслала, што быццам бы гэта пазычылі грошы ў прадпрымальнікаў. Прадпрымальнікі ўжо абураюцца, што гэта мо сярод чыноўнікаў пайшлі тыя грошы, што з іх сабралі, бо зусім няясна, як іх вяртаць збіраюцца», – распавёў «Белсату» пратэстовец.

Аднаасабовы пікет трываў каля гадзіны, пасля чаго прадпрымальнік спакойна пайшоў дамоў.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў