У Магілёве збіраюць подпісы супраць расейскіх базаў


Прадстаўнікі магілёўскай апазіцыі абвесцілі пра пачатак інфармацыйна-агітацыйнага марафону супраць размяшчэння ў Беларусі замежных вайсковых базаў.

Пра пачатак кампаніі было заяўлена на прэс-канферэнцыі, якую арганізавалі кіраўнікі абласных структураў палітычных партыяў і грамадскіх аб’яднанняў, якія ўваходзяць у кааліцыю дэмакратычных сілаў Магілёўскай вобласці.

Больш за месяц таму мы падалі заяўку ў Магілёўскі гарвыканкам на дазвол правесці акцыю супраць размяшчэння ў Беларусі замежных вайсковых базаў. Нам было адмоўлена. Потым нам неаднаразова адмаўлялі ў правядзенні падобных акцыяў, нягледзячы на тое, што нашаю мэтаю было прыцягнуць увагу людзей да гэтай праблемы”, – заявіў каардынатар кааліцыі дэмсілаў, намеснік старшыні Свабоднага прафсаюзу беларускага Юрый Новікаў.

У такіх умовах мы пачынаем кампанію супраць размяшчэння гэтых базаў. У нас распрацаваныя тэксты адпаведных улётак і падпісныя лісты. Мы пачынаем збор подпісаў грамадзянаў”, – паведаміў Новікаў.

Людзі, якія лічаць сябе кіраўнікамі краіны, насаджаюць тут вайсковыя базы насуперак Канстытуцыі”, – заявіў старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў. Ён адзначыў, што згодна з Канстытуцыяй Беларусь імкнецца стаць нейтральнаю дзяржаваю, аднак за амаль дваццаць гадоў існавання гэтага запісу ў Асноўным законе з тэрыторыі Беларусі не толькі не выдаленыя расейскія вайсковыя аб’екты ў Ганцавічах і Вілейцы, але і ўводзіцца новая расейская авіябаза ў Лідзе.

“Ваенныя самалёты – гэта наступальнае ўзбраенне, якое размяшчаецца за 40 кіламетраў ад мяжы з Літвою. Расея адстойвае свае інтарэсы, наш народ да гэтых базаў ніякага дачынення не мае. Яны – плата Расеі з боку Лукашэнкі за дваццаць гадоў падтрымання”, – заявіў старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Дзмітрый Салаўёў.

Ён адзначыў, што Магілёў стаў першым горадам у Беларусі, дзе стартавала кампанія. Затым па эстафеце яна пяройдзе да Віцебску ды іншых абласных гарадоў. Подпісы, сабраныя на працягу некалькіх тыдняў ва ўсіх буйных гарадах краіны, прадстаўнікі апазіцыі маюць намер перадаць у Палату прадстаўнікоў, Савет Міністраў і Адміністрацыю прэзідэнта.

Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН

Стужка навінаў