Следчыя: Чальца Цэнтрвыбаркаму забілі не праз палітыку


Вызначылі падазраванага ў забойстве Святланы Хіневіч, чальца Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь у справе выбараў і правядзення рэспубліканскіх рэферэндумаў.

Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэту па Менску Аляксандр Герасімаў.

Паводле ягонай інфармацыі, труп жанчыны са шматлікімі колата-рэзанымі раненнямі знайшоў сын забітай у ейным доме некалькі дзён таму, 4 жніўня.

«Здзейсненае злачынства не звязанае з прафесійнаю ды грамадскаю дзейнасцю пацярпелай і носіць бытавы характар», – сказаў прадстаўнік Следчага камітэту.

Першапачаткова крымінальную справу распачаў Кастрычніцкі раённы аддзел СК, цяпер жа яна расследуецца ў цэнтральным апараце гарадскога кіравання.

У справе прызначылі каля 20 розных даследаванняў і экспертызаў.

Святлана Хіневіч нарадзілася ў 1959 годзе ў Менску, скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Чалец Цэнтральнай камісіі з 2011 года. Працу ў ЦВК яна сумяшчала з пасадаю начальніцы аддзелу кадравай работы РУП «Менск Крышталь».

Хто і калі заменіць Святлану Хіневіч у Цэнтрвыбаркаме, пакуль невядома. Як растлумачыў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, заканадаўства прадугледжвае перапрызначэнне або пераабранне чальцоў ЦВК, якія выбылі з яго складу з нейкіх прычынаў, але тэрміны гэтага нідзе не ўказаныя.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары