Людміла Якабсан усё жыццё пражыла ў Целяханах, побач з пятым шлюзам каналу Агінскага. Гісторыю гэтага збудавання з часоў Першай сусветнай вайны яна ведае на памяць. Пра гэта распавядалі родныя, а сведкаю шмат якіх падзеяў яна стала сама.
У Целяханах (цяпер Івацэвіцкі раён на Берасцейшчыне) і дагэтуль стаіць дом, дзе нарадзілася Людміла Якабсан, яму цяпер больш за 130 гадоў. Бабуля спадарыні Якабсан, у дзявоцтве Бараноўская, была фельчаркаю і падчас паўстання 1863–64 гадоў перавязвала раны аднаго з кіраўнікоў, генерала Рамуальда Траўгута. Паводле сямейных аповедаў, бабуля праводзіла змагара да карэты, якою яго тайна меліся перавезці ў Варшаву. Спадарожнічала яму Эліза Ажэшка: калі ехала жанчына, карэту не абшуквалі.
Падчас Першай сусветнай вайны, распавядае Людміла Якабсан, па канале праходзіла лінія фронту. Немцы паўбівалі ў дно металёвыя пруты і замацавалі на іх калючы дрот, каб зрабіць пастку для расейцаў. «У нашым доме быў нямецкі штаб. Там і цяпер кацёл захаваўся, праўда, без дна, у якім немцы ежу гатавалі», – узгадвае яна.
Паводле яе, палякі пачалі адбудоўваць канал у 1919 годзе. «Як пачалі той дрот вымаць, дык цэлы наш двор быў завалены калючымі рулонамі». У сярэдзіне 1920-х рух цалкам аднавілі. Тады вазілі ў асноўным драўніну, а таксама выкарыстоўвалі як турыстычны аб’ект.
«Я не ведаю, ці ёсць яшчэ дзе такая прыгажосць, як была ў Целяханах! Як жа ўсё было зроблена! – захапляецца спадарыня Якабсан. – У мяне захаваўся здымак, зроблены ў дзень смерці Пілсудскага [12 траўня 1935 года – belsat.eu]. Хлопец наш з хутара, польскі жаўнер (пэўна, ён тады быў у адпачынку, але ў вайсковай форме) вязе па канале паненку Марысю Шчыпёрскую. Ніколі не было ўздоўж хмызняку, ані высокай травы – усё пакошана».
Калі па канале плылі турысты, Людміла бегла ў Кіраўніцтва воднымі пуцямі – там быў тэлефон – каб даведацца, колькі будзе чалавек і ці хутка прычаляць. Ейная цёця на прозвішча Пігулеўская кіравала мясцоваю сталоўкаю. Даведаўшыся колькасць гасцей, гатавалі бульбу, якую падавалі з кіслым малаком, яешняю і вяндлінаю.
Двойчы на год на канал Агінскага пераносіліся дзяржаўныя святы – Дзень канстытуцыі 3 траўня і Дзень незалежнасці 11 лістапада. Адзначэнне распачыналася ў Народным доме (Dom Ludowy), а ля вады былі спаборніцтвы ў бегу, плаванні, яздзе на роварах і конях, стральбе. Таксама адзначалі Свята мора. Тады плавалі на каяках і спускалі на ваду вянкі са свечкамі. Пляцоўка для танцаў была… пасярэдзіне возера – на дзвюх баржах, злучаных паміж сабою.
На поўнач ад Целяханаў па канале можна было дабрацца да ракі Шчара. Туды хадзіў параход «Секунда». Да Выганаўскага (або Выганашчанскага) возера было 9 шлюзаў, па баках – сасновыя лясы. Побач з 10-м шлюзам – балоты і драўляны ходнік да лагеру вязняў, якія працавалі пры канале.
Вакол каналу вадзіліся ваўкі. Спадарыня Людміла дагэтуль з жахам узгадвае, як ужо ў піянерскім гальштуку ратавала ад іх кароваў і цялятаў. Тады воўк схапіў ейнага сабаку і доўга бег уздоўж каналу. Але худобу дзяўчына здолела загнаць у хлеў. Як у казцы «Чырвоны каптурок», кажа яна.
Падчас вайны шлюзы паўзрывалі партызаны. Яшчэ ў 1950-я гады дырэктар лыжнай фабрыкі, які за польскім часам працаваў у старостве, а таксама старшыня калгасу і райвыканкаму пісалі ў Маскву, каб дазволілі аднавіць канал. У мясцовай газеце напісалі, што цэнтральнае начальства дало згоду. Але давесці справу да ладу перашкодзіла ўзбуйненне. «І тут гэты вар’ят Хрушчоў ліквідаваў Целяханскі раён [у 1959 годзе – belsat.eu]. Усё перанеслі з Целяханаў у Лагішын. Пабылі там пару гадоў – і Лагішынскага раёну ўжо няма! [1962 год – belsat.eu]. Ужо ў Пінску! » У 1965 годзе аднавілі Івацэвіцкі раён і Целяханы з Пінскага перанеслі туды…
У выніку шлюзы, непаўзрываныя партызанамі, знішчылі ў 1960-я гады дзеля меліярацыі. Яна цалкам абяскровіла магутную некалі водную артэрыю.
Аліна Кашкевіч, belsat.eu, з выкарыстаннем матэрыялаў берасцейскага часопіса “Echa Polesia” і Ганцавіцкага краязнаўча-інфармацыйнага парталу