Вайна ў сектары Газа і развітанне з загінулымі салдатамі Цагалю. Фатаграфіі тыдня


Акцыі салідарнасці ў падтрымку Ізраілю і Палестыны, магутная паводка ў М’янме, пахаванне ахвяраў тэракту ў Грозе ва Украіне, зруйнаваныя ракетамі раёны ў сектары Газа. «Белсат» сабраў галоўныя здымкі тыдня.

Пахаванне ізраільскага салдата Абрагама Когэна на могілках на гары Гэрцля (гара Памяці) у Іерусаліме. З мінулай суботы, калі баевікі «Хамасу» напалі на Ізраіль, загінулі сама меней 279 ізраільскіх салдатаў. Іерусалім, Ізраіль. 12 кастрычніка 2023 года.
Фота: Francisco Seco / AP Photo / East News
Ратавальнікі-валанцёры і мясцовыя жыхары прабіраюцца па затопленай вуліцы ў паселішчы Баго (Bago), якое месціцца за 68 км ад найбуйнейшага гораду М’янмы – Янгон (Yangon). Паводка ў Мʼянме была выкліканая моцнымі мусоннымі дажджамі, яна прывяла да эвакуацыі больш як 14 тысяч жыхароў і да збояў у руху цягнікоў, якія злучаюць найбуйнейшыя гарады краіны. Баго, Мʼянма. 10 кастрычніка 2023 года.
Фота: Thein Zaw / AP Photo / East News
Сваякі хаваюць ахвяраў расейскага тэракту ва ўкраінскім сяле Гроза. 5 кастрычніка Расея нанесла ракетны ўдар па кавярні, дзе праходзілі памінкі па загінулым салдаце ЗСУ. Агульны лік загінулых склаў 59 чалавек. Гроза, Харкаўская вобласць, Украіна. 12 кастрычніка 2023 года.
Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат
Палестынка ўдзельнічае ў акцыі пратэсту каля Генеральнага консульства Ізраілю ў Нью-Ёрку пасля таго, як, працягваючы авіяўдары па тэрыторыі Газы, Ізраіль паведаміў аб поўнай блакадзе сектару. Нью-Ёрк, ЗША. 9 кастрычніка 2023 года.
Фота: Adam Gray / AFP / East News
Спаленыя аўтамабілі на тэрыторыі музычнага фестывалю «Supernova» у пустэльні Нэгеў (Negew) пасля нападу баевікоў «Хамасу». Двухдзённы фестываль, на які з’ехаліся тысячы маладых людзей, праходзіў каля мяжы з сектарам Газа і быў прымеркаваны да габрэйскага свята Сукот. Гэтае месца адным з першых зазнала напад баевікоў «Хамасу» на Ізраіль. Пасля вызвалення тэрыторыі фестывалю салдатамі Цагаль (Армія абароны Ізраілю) было знойдзена не менш за 260 целаў загінулых. Нэгеў, Ізраіль. 13 кастрычніка 2023 года.
Фота: Jack Guez / AFP / East News
Мужчыны назіраюць за пашкоджанымі вагонамі экспрэс-цягніка, які сышоў з рэек у індыйскім штаце Бігар (Bihar). Прынамсі чатыры чалавекі загінулі і дзясяткі атрымалі раненні. Бігар, Індыя. 12 кастрычніка 2023 года.
Фота: Sachin Kumar / AFP / East News
Разбураныя ізраільскімі авіяўдарамі будынкі ў лагеры для палестынскіх уцекачоў у горадзе Газа, сектар Газа. 11 кастрычніка 2023 года.
Фота: Yahya Hassouna / AFP / East News
Ізраільскія танкі рухаюцца да мяжы з сектарам Газа. Увечары 14 кастрычніка Армія абароны Ізраілю заявіла, што закончыла рыхтавацца да маштабнай наступальнай аперацыі з прыцягненнем паветраных, марскіх і сухапутных сілаў у сектары Газа для пошуку выкрадзеных ізраільцянаў. 12 кастрычніка 2023 года.
Фота: Mostafa Alkharouf / Anadolu Press / East News
Палестынец трымае цела стрыечнай сястры, якое ён дастаў з-пад завалаў пасля ізраільскіх авіяўдараў у горадзе Газа, сектар Газа, Палестына. 9 кастрычніка 2023 года.
Фота: Belal Khaled / Anadolu Agency / abacapress.com / East News
Людзі трымаюць ізраільскія сцягі і мабільныя тэлефоны з ліхтарыкамі падчас мітынгу падтрымання народу Ізраілю пасля нападу палестынскіх баевікоў «Хамасу» на Ізраіль. Буэнас-Айрэс, Аргентына. 9 кастрычніка 2023 года.
Фота: Luis Robayo / AFP / East News

Агата Квяткоўская belsat.eu

Стужка навінаў