У Берасці чарговае затрыманне па «карагоднай справе»


У Берасці затрыманая жанчына па 342 артыкуле крымінальнага кодэксу за падзеі 13 верасня 2020 года – па так званай «карагоднай справе», паведамляюць крыніцы «Белсату». Цяпер яна знаходзіцца ў СІЗА№7 Берасця.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Вядома, што жанчына затрымлівалася летам сёлета па адміністратыўнай справе і правяла некалькі тыдняў у ІЧУ, у яе канфіскавалі тэлефон.

Нагадаем, што апошні раз па «карагоднай справе» судзілі вясной гэтага года. 28 сакавіка Зміцер Гапанюк атрымаў 1,5 гады калоніі. На дадзены момант па гэтай справе асудзілі 132 чалавекі.

Нагадаем, што 13 верасня 2020 года ў Берасці адбывалася чарговая пратэставая акцыя. Людзі маршам прайшлі па праезнай частцы праспекту Машэрава ды спыніліся на яго скрыжаванні з бульварамі Касманаўтаў і Шаўчэнкі. Раптам некалькі соцень асобаў утварылі карагод. Была музыка, свята, нібыта карнавал – так апісваюць гэтую падзею відавочцы. Разганяць карагод прыехаў вадамёт, ужыты ўпершыню падчас пратэстаў у Беларусі. З таго часу берасцейцы называюць гэтае скрыжаванне вадамётным, а распачатая пазней крымінальная справа пачала звацца карагоднаю. Праз некалькі тыдняў завялі крымінальную справу паводле артыкулу 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»).

Гісторыі
«Гэта самая самая феерычная палітычная крымінальная справа». Паразмаўлялі з фігурантамі «карагоднай справы»
2023.09.13 14:47

Што рабіць, калі вы знаходзіцеся у Беларусі і бралі ўдзел у пратэстах альбо пісалі каментары, мы запыталіся ў кіраўніка фонду «BYSOL» Андрэя Стрыжака?

«Калі чалавек прымаў удзел у пратэстах, недзе быў зафіксаваны, альбо на відэа, альбо на фота, альбо хтосьці даў на яго паказанні, то гэта толькі справа часу, калі ён будзе затрыманы і супраць яго будуць ужытыя розныя рэпрэсіўныя меры: ад адміністратыўнага да крымінальнага пакарання.

Ці можа такі чалавек адчуваць сябе спакойна ў Беларусі? Натуральна, не. Мая рэкамендацыя як практыка, раней для сябе прыняць той факт, што прыйдзецца з’ехаць альбо прыйдзецца сядзець» – кажа Стрыжак.

Ён раіць падрыхтаваць сваякоў у першую чаргу да таго, што яны будуць сядзець разам з вамі.

«Не ў сэнсе сядзець ў камеры. Яны павіны будуць насіць перадачы, аплочваць адвакатаў і адчуваць на сабе ўсе акалічнасці жыцця сям’і палітвязня. У тым ліку зведаюць нагляд і пераслед з боку сілавых структураў. Калі мы кажам пра людзей, якія нейкім цудам выйшлі з-пад адміністратыўнага арышту, то «BYSOL» мае магчымасць дапамагчы ў эвакуацыі, а пасля і аказаць фінансую падтрымку праз адкрыццё персанальных збораў на нашай пляцоўцы. Так што прымайце рашэнні, прымайце іх свядома, не чакайце, што вас пранясе. Сілавікі настроены знайсці кожнага. Яны гатовы выдаткаваць на гэта свае рэсурсы і час, і гэта іх мэта. Я б не рэкамендаваў з імі ў гэтым змагацца, бо ў турме рабіць няма чаго. На свабодзе мы зможаце зрабіць значна болей, і для сябе, і для Беларусі», – заявіў Стрыжак у размове з «Белсатам».

Гісторыі
Тройка суддзяў з Берасця, што прыгаварылі ў палітычных справах больш за 100 чалавек, – хто яны?
2022.01.08 19:28

Алесь Ляўчук  belsat.eu

Стужка навінаў