Праваабаронцам сталі вядомыя падрабязнасці рэйду сілавікоў на «Стулы»


Байцы берасцейскага АМАПу сарвалі спектакль беларускага народнага тэатру лялек «Батлейка», што адбываўся 10 чэрвеня ў аграсядзібе «Стулы» Пружанскага раёну. Сілавікі схапілі 6 асобаў з 30 удзельнікаў спектаклю, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Спектакль беларускага народнага тэатру лялек «Батлейка» ў аграсядзібе «Стулы».
Фота: Вясна / Тэлеграм

Відавочцы аблавы берасцейскіх амапаўцаў на гледачоў спектаклю тэатру «Батлейка», што адбываўся 10 чэрвеня ў аграсядзібе «Стулы» Пружанскага раёну, распавядаюць, што ў аграсядзібе сабраліся каля 30 жыхароў Берасцейшчыны.

«На кульмінацыі спектаклю дзверы рэзка рванулі, а потым – як у найлепшых сцэнарах АМАПу: ліхтарыкі, шчыт, ствалы, крыкі «Всем лежать!», «Лицом в пол!», «Руки вверх!»… Дзеці спалохаліся. Дарослыя здранцвелі, не разумеючы, што адбываецца, і мяркуючы, што пабачанае – нечаканая частка спектаклю… Амапаўцы крычалі, але ніхто так і не лёг на падлогу, бо ў балагане для гэтага проста не было месца. Тады сілавікі пастанавілі ўсіх гледачоў, акрамя дзяцей, вывесці на двор. Усіх, у тым ліку пенсіянераў, паклалі на зямлю тварам у траву з мурашкамі, з загадам «Руки за голову!» – распавядае відавочца тых падзеяў.

Людзі таксама распавядаюць, што амапаўцы самыя разгубіліся, калі пабачылі людзей. Бо пераканаліся, што гэта проста гледачы тэатру. Яны дазволілі жанчынам і пажылым падняцца з зямлі. Пасля кожнага з мужчынаў адводзілі на апытанне і агляд тэлефонаў. У каго знайшлі падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы – тых забралі з сабой. Затрымалі і мужчыну, які адмовіўся разблакаваць свой тэлефон.

У выніку сілавікі затрымалі 6 асобаў, у тым ліку гаспадыню аграсядзібы. Чацвярых адвезлі ў Кобрынскі РАУС, а гаспадыню аграсядзібы і яшчэ аднаго мужчыну – у Пружанскі РАУС.

13 чэрвеня ў Кобрыне дваім затрыманым прысудзілі 7 содняў арышту паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Дваіх адпусцілі. У Пружанах гаспадыню аграсядзібы арыштавалі на 15 содняў.

Hавiны
Праваабаронцы паведамляюць пра затрыманні ў аграсядзібе «Стулы»
2023.06.11 18:31

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў