Ядравая зброя можа захоўвацца пад Асіповічамі


Працаўнікі FAS (Федэрацыі амерыканскіх навукоўцаў) на падставе аналізу спадарожнікавых здымкаў прыйшлі да высновы, што ядравая зброя, пастаўленая з Расеі ў Беларусь, можа захоўвацца пад Асіповічамі, адзначае выданне Reform.by.

Вакол вайсковага складу, размешчанага ў цэнтральнай Беларусі, была зробленая мадэрнізацыя з дадатковымі перыметрамі бяспекі і пунктам доступу. На думку амерыканскіх навукоўцаў, гэта можа ўказваць на тое, што склад будзе выкарыстоўвацца для размяшчэння ядравых боегаловак для пастаўленых з Расеі ў Беларусь «Іскандрэраў».

Корпус, на якім была праведзеная мадэрнізацыя, стаіць унутры вайсковага складу, размешчанага на ўсход ад Асіповічаў. Згодна з выцекам дакументаў на «Discord», у лютым 2023 года Сі-Ай-Эй паведамляла, што старшы афіцэр Мінабароны РФ «праінспектаваў аб’ект у ваколіцах Асіповічаў на прадмет магчымай мадэрнізацыі», каб той мог служыць «сховішчам ядравых боегаловак у Беларусі».

Частка дакументу Сі-Ай-Эй, у якім быў апублікаваны выцек з паведамленнем пра правяранне расейскімі войскамі Асіповічаў на прадмет патэнцыйнага захоўвання ядравых боегаловак.
Крыніца: fas.org

Здымкі са спадарожніка, зробленыя кампаніяй «Maxar Technologies», паказваюць, што частка дэпо каля Асіповічаў з тых часоў была мадэрнізаваная і абсталяваная перыметрам бяспекі з чатырох агароджаў і крытым ахоўным пунктам доступу.

Спадарожнікавыя здымкі, на якіх відаць праведзеную мадэрнізацыю.
Крыніца: fas.org

На падставе здымкаў можна зрабіць выснову, што будаванне аб’екту пачалося прыкладна падчас меркаванага візіту высокапастаўленага расейскага чыноўніка. Мадэрнізацыя ішла павольнымі тэмпамі, першапачаткова ўзводзіўся двухузроўневы перыметр бяспекі, але гэтага было б недастаткова для захоўвання ядравых боегаловак.

Таму ў кастрычніку 2023 года пачалося будаванне новага перыметру бяспекі ўнутры ўжо наяўнага. Усяго ж ужо ёсць чатыры перыметры бяспекі, што пацвярджаюць здымкі «Maxar Technologies», зробленыя ў канцы студзеня 2024 года.

З канструкцыі новага перыметру відаць, што патрэбныя раскопы, каб  знайсці патэнцыйныя кабелі і датчыкі. Дрэвы ўнутры новага ўнутранага перыметру таксама былі расчышчаныя прыкладна на 20 метраў ад агароджы. Калі гэтыя здагадкі праўдзівыя, то праведзеная мадэрнізацыя, пішуць навукоўцы FAS, можа больш нагадваць узровень фізічнай абароны, які расейскія ўлады запатрабуюць для захоўвання ядравай зброі.

Заявы уладаў Расеі і Беларусі цягам апошніх двух гадоў падкрэслівалі, што ядравая зброя ўжо ў Беларусі, але відавочных доказаў гэтаму не існавала.

Выданне «Foreign Policy», адзначаюць у FAS, спасылалася на заходніх чыноўнікаў, у тым ліку міністра абароны Літвы, якія «пацвердзілі навіну пра яе размяшчэнне». Выданне пісала, што «высокапастаўлены літоўскі дыпламат і іншыя заходнія чыноўнікі паведамілі часопісу «Foreign Policy», што Расея пабудавала ў Беларусі спецыяльныя сховішчы і чыгуначныя сістэмы для патэнцыйнага размяшчэння ядравага арсеналу».

Сістэмы «Іскандэр», здольныя несці ядравую зброю.
Крыніца: vimpel-v.com

На гэты момант не зразумела, ці датычаць прыведзеныя пацверджанні пускавых сістэмаў, здольных несці ядравую зброю, або рэальных боегаловак для гэтых сістэмаў. Тым не менш, мадэрнізацыя на складзе ў Асіповічах паказвае, што прынятыя захады бяспекі могуць патэнцыйна адпавядаць мадэрнізацыям, неабходным для захоўвання ядравых боегаловак на тым жа абʼекце, які, відаць, інспектаваў расейскі прадстаўнік Мінабароны год таму.

Перакідванне ядравых боегаловак, гаворыцца ў артыкуле, не дае Расеі сур’ёзнай вайсковай перавагі ва Усходняй Еўропе. Бо мадэрнізаваныя сховішчы ядравай зброі маюцца ў Калінінградзе, што дае магчымасць наносіць удары па краінах NATO. З усяго відаць, такое разгортванне мае іншую мэту: нерваваць усходнія краіны Альянсу і падкрэсліваць статус Расеі як ядравай дзяржавы, гаворыцца ў артыкуле.

Нагадаем, што таксама пад Асіповічамі была база вайскоўцаў з ПВК Вагнэра, якія прыбылі ў Беларусь летам 2023 года. Цяпер намётавы лагер разбіраецца, а для вагнэраўцаў і іхных сем’яў будуецца дзевяціпавярховы дом.

Hавiны
BYPOL: у вёсцы Цэль будуюць дом для вагнэраўцаў
2024.03.13 13:06

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў