Прысуд па «справе BYPOL» і пераслед за «здрады дзяржаве». Рэпрэсіі 15 лютага


Улады ўзяліся за рэпрэсіі ўкраінцаў, выносяць прысуды нібыта за здраду дзяржаве, а таксама зноў значна пашырылі спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». «Белсат» працягвае адсочваць парушэнні правоў людзей у Беларусі.

Папраўчая калонія №5. Івацэвічы, Беларусь.
Фота: postalovsky-a.livejournal.com

У Гомлі пачынаюць судзіць грамадзянку Украіны Наталлю Захаранка нібыта за шпіянаж, паведамляюць праваабаронцы «Вясны». А яе знаёмую Ларысу Крупа вінавацяць у неданясенні аб злачынстве. Справу разглядае суддзя Анатоль Сотнікаў.

У ліпені мінулага года, жыхарка Чарнігава Наталля Захаранка знікла па дарозе ў Мазыр, дзе жыве яе сястра. Да пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі Наталля часта ездзіла ў Гомель гандляваць на мясцовым рынку. Паводле ўкраінскіх медыя, Наталля з’яўлялася валанцёркай і пасля пачатку вайны перавозіла ў ЕЗ і Беларусь украінскіх уцекачоў, перадавала дакументы і лекі.

Супрацоўніка віцебскага аблвыканкаму Андрэя Шмая судзяць за «агентурную дзейнасць» на карысць Украіны. Мужчына нарадзіўся ў Чарнігаве і мае ўкраінскае грамадзянства. У Беларусь ён пераехаў пасля жаніцьбы. Мужчына працаваў рабочым па абслугоўванні будынкаў Віцебскага аблвыканкаму. Сямʼя ўжо 10 гадоў жыла ў Віцебску. Яму пагражае да 15 гадоў зняволення. Справу разглядае Яўген Бурунаў.

У фільме АНТ пра тэракт у Мачулішчах гаворыцца, нібыта Андрэй рэгулярна адпраўляў інфармацыю пра сітуацыю ў аблвыканкаме праз мэсэнджар Signal ва Украіну свайму малодшаму брату Руслану, які служыць у Чарнігаўскім аператыўным упраўленні «Поўнач» і зʼяўляецца намеснікам камандзіра ў аператыўных справах.

Каментар
«Фактычна можна казаць пра знікненне чалавека». З Марыяй Калеснікавай ужо год няма сувязі
2024.02.15 16:17

За «здраду дзяржаве» пачынаюць судзіць падпалкоўніка Антона Чарамных, які год утрымліваецца пад вартай. Яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве асобай, на якую распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага» і «распальванні іншай сацыяльнай варожасці». Па гэтых артыкулах яму пагражае ад 10 да 20 гадоў зняволення. Справу ў закрытым рэжыме будзе разглядаць Сяргей Кацар.

Таксама нібыта за здраду дзяржаве судзяць 28-гадовага жыхара Петрыкава Івана Сухамерава. Яго ж вінавацяць па яшчэ 9 палітычных артыкулах. Сярод іх «удзел у ваенных дзеяннях». Тэлеграм-каналы сілавікоў пісалі, што ён нібыта быў затрыманы пры нелегальным пераходзе мяжы ў Беларусь.

Палітвязень Сцяпан Латыпаў у турме захварэў на цынгу. Гэта захворванне, звязанае з нястачай вітаміну С. Характарызуецца ломкасцю сасудаў, кроватачывасцю дзясен, выпадзеннем зубоў, болем у канцавінах. У 2021 годзе Латыпава пакаралі 8,5 гадамі калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і аштрафавалі на 300 базавых велічыняў.

Тым часам у Беларусі 7 новых палітвязняў. Гэта Ірына Такарчук, Яўген Глушкоў, Таццяна Сцепа, Наталля Ладуцька, Дзіяна Стульба, Аляксей Швяцоў, Аляксандр Варонін. Цяпер іх агулам 1420.

Сілавікі затрымалі гарадзенскага таксіста нібыта за ў чат-боце «плана Перамога», удзел у пратэстах і абразлівыя каментары.

Каментар
«Некаторыя ўжо не ў Беларусі». Прапаганда паказала 14 фігурантаў справы Кадравага рэзерву
2024.02.15 16:59

74-гадовага мікашэвіцкага актывіста Анатоля Прышчыка пакаралі 15 соднямі арышту за «класы» ў «Одноклассниках». Публікацыі былі пра Святлану Ціханоўскую. Як паведамлялі сваякі, затрыманне было жорсткім: «з чорнага бусу выпрыгнулі 15 амбалаў са зброяй, кінулі 74-х гадовага дзядульку тварам аб зямлю». Прышчык падчас суду казаў, што не помніў пра падабайкі. Ён таксама звяртаў увагу на свой стан здароўя. У 2022 годзе мужчыне зрабілі аперацыю, ён мае праблемы з сэрцам.

У Віцебску па «экстрэмісцкім» артыкуле судзілі прарасейскую актывістку Эльвіру Мірсалімаву. Артыкул – парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.

У Слоніме праведзены ператрус у кватэры грамадскага актывіста Алеся Масюка. Канфіскаваны паперы, а мужчына затрыманы.

Узброеныя сілавікі ўварваліся ў кватэру да беларускі, якая вярнулася на радзіму з Літвы. На відэа, якое знятае пад прымусам, жанчына кажа, што ў адным з паблікаў ва «УКантакце» пакінула каментар з абразай «прадстаўнікоў улады». Распачата крымінальная справа. Пазней пост пра затрыманне жанчыны пазней быў выдалены.

Напярэдадні адзінага дня галасавання смаргонская пракуратура выносіць папярэджанні «неблаганадзейным» асобам. Людзей папераджаюць аб адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах.

Вынесены завочны прысуд па «справе BYPOL». Суддзя Дзіна Кучук прызначыла фігурантам справы паводле 13 крымінальных артыкулаў ад 11 да 25 гадоў зняволення і штраф на агульную суму больш чым 350 000 еўра.

Аляксандру Азараву прызначылі 25 гадоў, Мацвею Купрэйчыку, Уладзіміру Жыгару і Ігару Лобану, Алегу Талерчыку – 12 гадоў, Андрэю Астаповічу – 11 гадоў.

Бясконцы спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў

Сацсеткі «Купалаўцаў», кліп пра Лукашэнку і сайт Саюзу палякаў у Беларусі трапілі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». А таксама:

  • Telegram-каналы і чаты «Belpol», «Думаць Беларусь»;
  • Instagram-старонкі «Трушный Борисов», «ПОБАЧ🕊 Информационный чат о гуманитарной помощи беженцам», «Акцыi беларусаў Варшавы», «ОАО «Нафтан» неравнодушных людей», «Гомельский вестник – Распространение», «HEVALE», «БАЖ Беларуская асацыяцыя журналiстаў»;
  • Facebook-старонкі «Координационный совет», «Будзьма беларусКамі!», «97%»;
  • Сацсеткі мастачкі Вольгі Якубоўскай;
  • Сайт «stolin.bу»;
  • Сацсеткі праекту «Propovednik»;
  • Сайт, сацсеткі, лагатып і email праекту «Купалаўцы»;
  • Сайт «glosznadniemna.рl»;
  • Кліп «Лукашенко – МАЛЬЧИК НА ИСТРЕБИТЕЛЕ (feat. Ryanair) [Пиратская версия песни «Мальчик на девятке»]»;
  • Старонкі ва «Укантакце» «Brestnewspaper», «BG_LIVE», «Только ШОС!», «Александр Игнатюк»;
  • TikTok-старонкі «Андрей Кудик», «User387», «Belarus iz Mogileva», «Bel_Tok», «bajki atamana».
  • Telegram-каналы і чаты «Propovednyk чат», «СТОЛИН ПЕРЕМЕН-ЧАТ», «Tradycyja», «Харитонов 🇺🇦», «Радикальная теория и практика»;
  • Instagram старонкі «europeanbelarus», «julia_tarasevich», «9_avgusta», «hajtaktv»;
  • Кнігі «Застольные разговоры Гитлера», «Россия, которой не было. Загадки, версии, гипотезы»;
  • Facebook старонкі «Partyzan», «Новы Час/ Novy Čas», «Парламенцкая Рэспублiка БУДУЧЫНЯ БЕЛАРУСI!!!», «Настоящая Беларусь», «МАЯ КРАІНА – ВОЛЬНАЯ I ВЯЛIКАЯ ЕУРАПЕЙСКАЯ БЕЛАРУСЬ!!!»;
  • YouTube-канал «Першы Пiнскi»;
  • Сацсеткі і лагатып праекту «Voice_of_Belarus»;
  • Відэаролік на YouTube «ГУпоЗ»;
  • Старонка ў «Х» «BG.Media»;
  • Старонкі ў «Аднакласніках» «Микашевичи – мой город», «ПЕРШЫ РЕГIЁН-1REG.ВY (Брэсцкая вобласць)»;
  • TikTok-старонкі «Жыве Беларусь♥️♥️♥️», «Žyvie Bielaruś», «BY. ЕвроБелорус», «budsoboj», «Кацярына», «Dapamoga», «aliakseikuzmitskу».
Аналітыка
Хто будзе кіраваць Беларуссю, калі не стане Лукашэнкі? І ці звольняць усіх чыноўнікаў
2022.12.23 10:14

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў