Міністр абароны: Брытанія не будзе пастаўляць Украіне самалётаў бліжэйшымі гадамі


Вялікая Брытанія не паставіць Украіне баявых самалётаў, бо не зможа падчас вайны паслаць разам з імі спецыялістаў, неабходных для разгортвання тэхнікі. Пра гэта заявіў брытанскі міністр абароны Бэн Ўоліс у інтэрвʼю «BBC Radio 4». 

Знішчальнік «Eurofighter-EF-2000-Typhoon» Каралеўскіх ВПС. Здымак мае ілюстратыўны характар.
Фота: Wikipedia / airliners.ne

У інтэрвʼю «BBC Radio 4» міністр абароны Вялікай Брытаніі Бэн Ўоліс (Ben Wallace) расказаў, што цяпер ягоная краіна засяроджаная на навучанні ўкраінскіх пілотаў. А аб пастаўках знішчальнікаў размова не ідзе, нават у перспектыве некалькіх гадоў.

«Што да знішчальнікаў, я не думаю, што бліжэйшымі месяцамі ці нават гадамі мы перададзім гэтыя знішчальнікі», – сказаў Бэн Ўоліс.

Брытанскі міністр таксама падкрэсліў, што і рыхтаванне пілотаў таксама зойме даволі працяглы час, «вы проста не можаце навучыцца лятаць за тыдзень ці два».

Ўоліс патлумачыў, што разгортванне авіятэхнікі прадугледжвае прыцягненне некалькі соцень інжынераў і тэхнікаў.

«І мы не збіраемся пасылаць ва Украіну дзвесце вайскоўцаў Каралеўскіх ВПС падчас вайны», – падкрэсліў міністр.

Магчымыя пастаўкі знішчальнікаў з Брытаніі ва Украіну абмяркоўваюцца ў агульным кантэксце нарашчвання вайсковай дапамогі. Размова вядзецца пра пастаўкі танкаў, гарматаў, ракетных комплексаў, вайсковых самалётаў і выклікае шмат дыскусіяў.

Раней «Белсат» паведамляў, што кіраўнік брытанскага ўраду называў навучанне ўкраінскіх пілотаў першым крок да пастаўкі ва Украіну брытанскіх баявых самалётаў. Гэта было 8 лютага падчас супольнай прэсавай канферэнцыі з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Прэмʼер-міністр Вялікай Брытаніі Рышы Сунак (Rishi Sunak) тады сказаў, што праграма трэнавання ўкраінскіх вайскоўцаў будзе пашыраная, дададуцца трэнаванні пілотаў знішчальнікаў і маракоў. Ён таксама паведаміў, што на перамовах з Зяленскім абмяркоўвалі пастаўку брытанскіх знішчальнікаў, і дадаў, што ўсё магчыма, калі справа датычыць вайсковай дапамогі ЗСУ.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў