Менскі чыноўнік браў «адкаты» 20 % ад кожнай здзелкі


Намеснік начальніка аднаго з аддзелаў Упраўлення капітальнага будаўніцтва, адказны за правядзенне закупаў і тэндарных гандляванняў, збіраў даніну з кожнай дамовы. Часам “ганарар” даходзіў да $ 38 000 за раз.

Як паведамілі ў аддзеле інфармацыі ды сувязяў з грамадскасцю Следчага камітэту Беларусі, крымінальная справа аб фактах атрымання хабару службоваю асобаю КУП “УКБ Менаблвыканкаму” расследаваная галоўным упраўленнем расследавання злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці ды карупцыі СК. Чыноўніка прыгаварылі да 9 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці.

Падчас следства высветлена, што намеснік начальніка аддзелу камплектацыі УКБ дамовіўся з кіраўніком ТАА “Салідэйт” аб атрыманні грашовых узнагародаў да 20 % ад сумы кожнай дамовы, падпісанай гэтаю фірмаю з КУП “УКС Менаблвыканкаму”.

Апрача таго, матэрыяламі крымінальнай справы пацверджаныя іншыя факты атрымання хабару ад кіраўнікоў розных суб’ектаў гаспадарання за выбар канкрэтных арганізацыяў у якасці пастаўшчыкоў тавараў для аб’ектаў УКС і падпісанне з імі адпаведных дамоваў. Сума незаконных узнагародаў, якія атрымліваў асуджаны, вагалася ад 160 да 38 000 долараў ЗША. Агульная сума хабару эквівалентная не менш як 440 млн рублёў.

Прадукцыя, што рэалізуецца ТАА “Салідэйт” ды іншымі арганізацыямі, пастаўлялася на такія аб’екты, як “Лячэбны корпус Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы ў п. Бараўляны”, “Спартова-відовішчны комплекс у г. Салігорску”, “Рэканструкцыя спальнага корпусу № 1 з пашырэннем ДРАЦ Ждановічы 1-я чарга будаўніцтва”, “Рэканструкцыя будынку інтэрнату для размяшчэння суда Менскага раёну і г. Заслаўя на вул. Маякоўскага, 119А, у г. Менску”, “Рэканструкцыя аднапавярховага жылога корпусу пад пральню Чэрвеньскага дому-інтэрнату” ды іншыя.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў