Суд над віцебскаю журналісткаю Аленаю Сцяпанавай адклалі на няпэўны тэрмін


Журналістку абвінавачваюць у супрацы з радыё «Свабода» без адпаведнай акрэдытацыі.

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску накіраваў адміністратыўны пратакол на дапрацаванне. Пра гэта Сцяпанава і ейныя калегі даведаліся толькі ў судзе, куды яны прыйшлі 12 ліпеня, паведамляе прэс-служба ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

9 ліпеня журналістка разам са сваім адвакатам наведала Кастрычніцкае РУУС Віцебску, дзе старшы інспектар аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі Сяргей Вяракса азнаёміў яе з пратаколам. Сцяпанава адмовілася даваць тлумачэнні, спаслаўшыся на артыкул 27 Канстытуцыі, які дае чалавеку права не сведчыць супраць сябе.

Выйшаўшы з міліцыі, журналістка сказала: «У матэрыялах справы сярод доказаў ёсць і такія: міліцыянеры бачылі, што я прысутнічала ў судах над актывістамі і штосьці запісвала ў сваім нататніку. Ці хтосьці бачыў, што я тэлефаную і расказваю пра падзеі «неўстаноўленым асобам». З гэтага яны робяць выснову, што я супрацоўнічаю з радыё «Свабода».

За «прафесійную дзейнасць журналіста ў замежным СМІ радыё «Свабода» без адпаведнай акрэдытацыі» (артыкул 22.9 ч. 2 КоАП) спадарыні Сцяпанавай пагражае пакаранне ў выглядзе штрафу ад 20 да 50 базавых велічыняў.

Паводле інфармацыі БАЖу, у жніўні 2012 года абласная пракуратура ўжо выносіла спадарыні Сцяпанавай папярэджанне за супрацу з «чэшскай рэдакцыяй радыё Свабода», і хоць такога СМІ не існуе, аспрэчыць санкцыю журналістцы не ўдалося.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў