Станіслаў Багданкевіч у «Гарачым каментары»


Лёс Раманчука вырашыць з’езд партыі

Заявіў ганаровы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, каментуючы сённяшні вотум недаверу намесніку старшыні АГП Яраславу Раманчуку. “За недавер прагаласавалі сто адсоткаў чальцоў Нацыянальнага камітэту партыі. Ніхто не зразумеў ягоных тлумачэнняў. Гэта дэ-факта азначае ягонае вызваленне ад кіраўніцтва партыяй. Дэ-факта, бо паводле статуту партыі толькі з’езд можа прызначаць кіраўніцтва партыі ды звальняць яго з гэтай пасады”, – патлумачыў Станіслаў Багданкевіч.

Аднак склікаць з’езд дзеля аднаго пытання не мэтазгодна. Таму Нацыянальны камітэт АГП запрапанаваў Яраславу Раманчуку добраахвотна вызваліць пасаду, аднак той адмовіўся.

Вотум недаверу датычыў заявы экс-кандыдата на прэзідэнта, зробленай на наступны дзень пасля выбараў. У якой ён абвінаваціў Мікалая Статкевіча, Андрэя Саннікава і Віталя Рымашэўскага ў правакаванні масавых закалотаў на плошчы Незалежнасці і спробе захопу Дому ўраду.
“Гэта былі абсалютна ненармальныя, непраўдзівыя заявы. Бо гэтага проста не было!” – упэўнены ганаровы старшыня АГП.

Паводле Станіслава Багданкевіча, кіраўніцтва партыі брала пад увагу чалавечы фактар – магчымы ціск і шантаж з боку ўладаў. “Больш за тое, я асабіста 20 снежня па тэлефоне прапанаваў яму склікаць прэс-канферэнцыю і адмовіцца ад тых заяваў, што ён зрабіў пад ціскам. Ужо ж не трэба было, як ён казаў, “ратаваць людзей ад масавых расстрэлаў”. Ягоныя словы шкодзяць ягоным калегам па барацьбе з дыктатарскім рэжымам. Але ён апраўдваўся тым, што ратуе партыю, ратуе старшыню – Анатоля Лябедзьку. Але ён ратуе сябе ды іншых коштам таго, што саджае ў вязніцу трох іншых кандыдатаў. Ці прымальнае такое ратаванне?” – пытае палітык.

Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што з’езд партыі падтрымае рашэнне Нацыянальнага камітэту, аднак гэта не значыць выключэння Яраслава Раманчука з партыі, хоць пасля такіх заяваў займаць кіроўныя пасады ён не зможа. АГП бярэ на сябе адказнасць за заяву свайго экс-кандыдата: “Мы самі не ўбачылі ў ім гэтай слабасці. Адна рэч – быць палітыкам у дэмакратычнай краіне і зусім іншая – у такой аўтарытарна-дыктатарскай. У іншых умовах ён быў бы нармальным кандыдатам, але не тут. На жаль, палітык у Беларусі мусіць быць змагаром, мусіць умець адстойваць свае погляды”, – заявіў ганаровы старшыня АГП.

Belsat.eu

Стужка навінаў