Найспрытнейшы фехтавальшчык свету – беларус


Чарговая нагода для гонару: Аляксандр Буйкевіч з Беларусі стаўся наймацнейшым спартоўцам у турніры за Кубак свету Міжнароднай федэрацыі фехтавання ў Варшаве.

У фінале турніру “За шаблю Валадыёўскага” беларус адужаў у двубоі італьянца Д’ега Ак’юццы (Diego Occhiuzzi) з лікам 15:14, што прынесла яму тытул пераможцы.

Аляксандр Буйкевіч – чэмпіён Еўропы па фехтаванні ў 2008 годзе, леташні бронзавы медаліст чэмпіянату Старога кантыненту. Кубак свету беларус выгуляў ужо двойчы ў сваёй кар’еры – папярэдне зрабіў гэта ў студзені 2007 года на востраве Кіш (Kish). Буйкевіч – другі з ліку беларус, які здабыў прэстыжны трафей варшаўскага турніру – памятную шаблю. У 2004 годзе найлепшым стаўся Дзмітрый Лапкес.

Вырашыў адзін удар

Ужо двойчы на турніры вырашальным стаўся адзін удар. Буйкевіч, які займае 15-е месца ў сусветным рэйтынгу, аказаўся толькі крыху лепшым ад італьянца, віцэ-лідара сусветнага рэйтынгу фехтавальшчыкаў.

Першапачатковым фаварытам турніру быў менавіта італьянец, які пачаў вельмі бадзёра – 8:4, 13:10. Напрыканцы праціўніка беларуса пакінулі сілы і ён выразна паслабеў, а ў дадатак у яго пачаліся сутаргі. Беларус, скарыстаўшыся сітуацыяй, давёў лік да 14:14, а пазней імкліва нанёс трапны апошні ўдар.

Пасля фінальнай бітвы наш суайчыннік закрычаў ад радасці, даўшы выйсце ўласным эмоцыям.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары