Ці патрэбны Данбас Украіне?

Чаму прэзідэнт Уладзімір Зяленскі з такой непрыхаванай радасцю сказаў, што ЗСУ занялі гару на ўскраіне Горлаўкі? Гаворка ж пра звычайны тэрыкон шахты імя Гагарына.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Від на шахту імя Чалюскінцаў непадалёк ад Данецку, Украіна. 2 сакавіка 2017 года.
Фота: Viktor Drachev / TASS / East News

Аднаго ягонага паведамлення стае, каб зразумець, наколькі цяжкія баі ідуць на Усходнім фронце за кожны абʼект. Сёння можна пачуць, што Данбас не варты такіх ахвяраў. Рэгіён і праўда праблемны – многія шахты былі зачыненыя яшчэ да ўварвання войскаў РФ, расце беспрацоўе, расейская прапаганда транслюецца на і без таго спецыфічны кантынгент. Але што такое Данбас для Украіны?

Калісьці яго называлі «ўсесаюзнай качагаркай». Калі ехаць з Менску да Чорнага мора, з акенца цягніка можна пабачыць шахту з аднайменнай назвай «Качагарка» ў Горлаўцы. Калі ў сямідзясятыя гады французы будавалі побач з ёй хімічны гігант «Стирол», на вяршыні тэрыкону хацелі пабудаваць рэстаран. Але неўзабаве давялося адмовіцца ад гэтай ідэі.

Рэч у тым, што ўсярэдзіне тэрыконаў парода часам павольна гарыць ад трэнняў пароды. Бывае, што яны нават выбухаюць. Менавіта ад вугальнага пылу, што разносіць вецер з тэрыконаў, дамы выглядаюць гэтак змрочна. Вугальны пыл надоўга ўядаецца ў скуру шахцёраў. Вось чаму, калі тыя ідуць са змены дадому, іхныя твары падобныя да твараў егіпецкіх фараонаў са «стрэлкамі» на павеках.

Калі я чую слова «індустрыялізацыя», адразу ўспамінаю Данбас. Заводы, фабрыкі, таварныя цягнікі, цыстэрны, вечна апушчаныя шлагбаумы, чэргі на пераездах, разбітыя дарогі і… пахі. Гэта пахі металургічных і хімічных камбінатаў, нейкіх змазак, бензіну, гумы… Усё навокал гудзе, грукае, то жоўты дым, то шэры, а начамі неба асвятляецца ўспышкамі на металургічных заводах. Песня-гімн « В чистом небе донецком» выклікала нямала жартаў у мясцовых, але людзі жылі і працавалі. Пра экалогію загаварылі, калі колькасць анкалагічных хваробаў, у тым ліку ў дзяцей, дасягнула неймавернага ўзроўню.

Побач з Горлаўкай месціцца Енакіева. 16 верасня 1979 года ў славутай шахце «Юнкам» на глыбіні 800 метраў быў зроблены ядравы выбух. Мэта выбуху называлася адна – зніжэнне напружання ў горным масіве. Гэта быў ядравы выбух № 530, здзейснены ў СССР. Да гэтага часу дакладныя дадзеныя пра велічыню зараду і глыбіню яго залажэння застаюцца сакрэтнымі.

Рабочыя працягвалі працаваць на шахце да 2002 года, пакуль яе не закрылі як неперспектыўную. Выбух ядравай бомбы ў дакументах быў названы эксперыментам «Кліваж». А што там адбываецца сёння? Акупацыйныя ўлады заявілі, што праз адсутнасць сродкаў яны спынілі адпампоўванне вады з шахты. Але ў выпадку затаплення шахты на паверхню выйдуць падземныя радыеактыўныя воды. Дарэчы, усё гэта адбываецца ў родным горадзе былога прэзідэнта Віктара Януковіча, вядомага прыхільніка «русского мира».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рабочыя металургічнага камбіната ЭМЗ у Енакіева, Данецкая вобласць, Украіна. 18 верасня 2021 года.
Фота: Nikolai Trishin / TASS / East News

Калі з шахтамі сітуацыя больш-менш зразумелая, то ў якім стане цяпер заводы на акупаванай тэрыторыі? Што са славутым Луганскім электрамашынабудаўнічым заводам? А яго болей няма. Ён цалкам вывезены ў Растоўскую вобласць. Заводу «Машиностроитель-43» таксама больш няма. Ён перавезены ў Чувашыю. На Стаханаўскім заводзе ферасплаваў захавалася толькі частка абсталявання. Ясінавацкі машынабудаўнічы завод пастаўляў прадукцыю ў больш чым 30 краінаў свету. На ўнікальнай тэхніцы выраблялі праходчыя машыны любой складанасці, а на індывідуальныя замовы – машыны, што не мелі аналагаў у свеце. Абсталяванне цалкам вывезенае ў Расею. Заводскія карпусы разбураныя.

Шматпрофільнае прадпрыемства «Топаз» выпускала складаныя радыётэхнічныя сістэмы і комплексы спецпрызначэння. Прадукцыя пастаўлялася ў Кітай, Латвію, Нямеччыну, Малайзію, Эфіопію, Туркменістан і Турцыю. Усё вывезлі ў Расею. Сёння на месцы заводу – умацавальны раён баевікоў. Такі ж лёс напаткаў Лутугінскі навукова-вытворчы валковы камбінат. Ён быў лідарам сярод усіх прадпрыемстваў галіны. Што ўжо казаць пра Луганскі патронавы завод? Усё яго ўнікальнае абсталяванне – у Расеі, а ў заводскіх карпусах размяшчаецца рамонтная база тэхнікі тэрарыстаў. Базы баевікоў размешчаныя на ўсіх былых прадпрыемствах.

Але гэта не поўны спіс. У Расею вывезенае ўсё абсталяванне з луганскага прадпрыемства «Машзавод-100» і з заводу «Юность», што выпускаў радыёэлектронныя вырабы для ракетабудаўнічай і аэракасмічнай галінаў у Краснадоне. Абсталяванне луганскага заводу «ЛугаТерм» часткова раскрадзенае, часткова вывезенае ў Расею. Сюды можна дадаць і больш як два дзясяткі заводаў, проста распілаваныя на металалом. А яшчэ ж вывезлі нават невялікія прадпрыемствы рамонту вагонаў, трубапракату і многія іншыя. Іх дзясяткі… Відаць, акупанты вывезлі з Луганшчыны ўсё, што толькі змаглі.

Але ж застаюцца яшчэ прадпрыемствы ў Данецкай вобласці. Украінская выведка мае звесткі, што Пуцін патрабаваў яшчэ да 1 сакавіка 2023 года захапіць усю тэрыторыю Данецкай вобласці. Але гэты план, як і папярэдні – захапіць вобласць да восені 2022-га – сарваны. Расейцам удалося толькі да траўня захапіць большую частку Бахмуту, дзе, паводле паведамленняў Мінабароны Брытаніі, Расея губляла аднаго салдата за кожныя 48 сантыметраў тэрыторыі. Але бітва за ключавыя гарады Данбасу працягваецца.

Галоўнае пытанне: ці збіраюцца расейскія акупанты ўвогуле заставацца на акупаванай тэрыторыі, калі яны вывозяць абсталяванне, руйнуюць заводскія карпусы і мінуюць палі? Ці не для таго яны так ірвуцца ў Данецкую вобласць, каб паспець скрасці там усё паводле такой жа схемы? Бо заводы – гэта не нейкія там унітазы з сабачымі будкамі.

Данбас – гэта не толькі прамысловасць, якую на гэтай зямлі пачыналі ствараць інжынеры з Бельгіі, Нямеччыны і Англіі яшчэ ў XVII стагоддзі. Гэта не толькі каштоўныя выкапні. Данбас – гэта ўжо і сімвал бітвы народу за сваю свабоду. Марыупаль, данецкі аэрапорт, Валнаваха, Бахмут, Вуглядар… Гэта доказы адданасці народу сваёй зямлі. Данбас будзе вызвалены. Ён стане значна лепшы, чым быў. Яго дакладна больш не будуць называць праблемным рэгіёнам.

Любоў Лунёва belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў