Супрацоўнікі КДБ цяпер змогуць страляць у натоўп


У законапраекце «Аб зменах законаў наконт пытанняў барацьбы з тэрарызмам» з’явілася істотнае пашырэнне паўнамоцтваў КДБ. Сярод іншага, супрацоўнікам Камітэту дзяржбяспекі дазволілі часцей выкарыстоўваць пальную зброю, у тым ліку ў натоўпе, заўважыла выданне «Зеркало».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Я-ВОЕННЫЙ.БЕЛ / Telegram

Законапраект быў прыняты ў двух чытаннях яшчэ 7 снежня і нарэшце апублікаваны на Нацыянальным прававым партале. У ім супрацоўнікам КДБ надаюцца шырокія паўнамоцтвы для выкарыстання зброі: супраць асобаў, якія здзяйсняюць напад, захопліваюць закладнікаў, уцякаюць з-пад варты ці не падпарадкоўваюцца патрабаванням.

Але пры гэтым выданне заўважыла, што з ч. 6 арт. 22 закону «Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» зніклі два падпункты, якія забараняюць выкарыстанне зброі ў натоўпе, нават калі ад гэтага змогуць пацярпець староннія асобы, і ў напрамку складоў і сховішчаў з вогне- і выбуханебяспечнымі рэчывамі. То бок, згодна паправак, супрацоўнікі КДБ змогуць выкарыстоўваць зброю ў гэтых выпадках.

Цяпер у новай рэдакцыі гэтага артыкулу застаўся толькі адзін пункт, які з пэўнымі змяненнямі гучыць наступным чынам: «Забараняецца выкарыстоўваць зброю ў дачыненні жанчын, асобаў з відавочнымі прыкметамі інваліднасці, непаўналетніх, калі іхны ўзрост відавочны або вядомы супрацоўніку органаў дзяржаўнай бяспекі, за выключэннем выпадкаў аказання імі ўзброенага супраціву, здзяйснення ўзброенага або групавога нападу ці іншых дзеянняў, што пагражаюць жыццю або здароўю людзей» (тоўстым шрыфтам вылучаныя новаўвядзенні).

Агулам жа законапраект уводзіць вельмі істотныя пашырэнні паўнамоцтваў для КДБ, які робіцца структураю, што каардынуе ў барацьбе з тэрарызмам дзейнасць усіх іншых органаў і арганізацыяў (за выключэннем Службы бяспекі Лукашэнкі). Таксама законапраектам дазваляецца прыцягненне інкасатарскіх службаў падчас актаў тэрарызму, ім могуць даручыць ахову аб’ектаў і захаванне бяспекі людзей і транспарту, працаўнікам гэтых службаў можна будзе выкарыстоўваць зброю нароўні з працаўнікамі ваенізаванай аховы.

Пасля працэдураў законапраект мусіць быць зацверджаны Саветам Рэспублікі, а пасля Лукашэнкам. Усё гэта адбудзецца да канца года, бо закон, як пазначана ў законапраекце, уступае ў сілу з 1 студзеня 2024 года.

Раман Шавель  belsat.eu

Стужка навінаў