Кінапрэмія «Чырвоны верас» пачынае прыём заявак на другую эдыцыю


Беларуская прэмія кінакрытыкаў «Чырвоны верас» абвяшчае пра пачатак другой эдыцыі і пачынае прыём заявак. Удзел могуць узяць беларускія кінематаграфісты, якія выпускалі фільмы ў 2021 і 2022 гадах.

Заяўкі прымаюцца з 14 верасня да 14 кастрычніка. Намінантамі прэміі могуць стаць каротка- і поўнаметражныя мастацкія, дакументальныя і анімацыйныя фільмы ды іх аўтары. На прэмію прымаецца незалежнае кіно, створанае без удзелу дзяржаўных сродкаў рэжымаў Беларусі ці Расеі.

Арганізатарамі другой прэміі «Чырвоны верас» выступае каманда кінакрытыкаў на чале з Ірэнаю Кацяловіч і Тарасам Тарналіцкім.

У склад журы ўвойдуць 7 экспертаў і 9 экспертак, сярод іх кінакрытык Ульяна Будзік, кінааналітык Максім Жбанкоў, арт-менеджарка Ліна Мядзведзева, фестывальны арганізатар Ігар Сукманаў, аўтарка выдання «Backstage» Алена Сойка, кінакрытык Ганна Яфрэменка, даследніца кіно Альміра Усманава, а таксама сузаснавальнікі прэміі Ірэна Кацяловіч і Тарас Тарналіцкі. Частка экспертаў застаецца ананімнаю.

Вызначацца пераможцы будуць у 13 намінацыях: «Найлепшы мастацкі поўнаметражны фільм», «Найлепшы мастацкі кароткаметражны фільм», «Найлепшы поўнаметражны дакументальны фільм», «Найлепшы кароткаметражны дакументальны фільм», «Найлепшы анімацыйны фільм», «Найлепшы(ая) рэжысёр(ка)», «Найлепшы актор», «Найлепшая акторка», «Найлепшая праца аператара(кі)», «Найлепшы сцэнар», «Найлепшае мастацкае рашэнне (праца мастака(чкі)-пастаноўшчыка(цы)», «Найлепшы саўнд-дызайн (праца кампазітара(кі) і/ці гукарэжысёра(кі)», «Адкрыццё года».

Вынікі другога «Чырвонага верасу» будуць падведзеныя ў лютым 2024 года.

Першая кінапрэмія «Чырвоны верас» прайшла ў 2021–2022 гадах, ёй адзначылі найлепшыя дасягненні ў сферы беларускага кіно, якое ствараюць беларусы паводле грамадзянства або нацыянальнасці ў краіне і за яе межамі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў