«Усё неба ў агнях і выблісках ад перахопаў». Жыхар Ізраілю пра абстрэл з боку Ірану


Алег Барадзін, адзін з лідараў Беларускай асацыяцыі палітвязняў, які жыве ў Ізраілі, распавёў «Белсату» пра абстрэл дронамі і ракетамі, які ўночы з 13 на 14 красавіка ўчыніў Іран.

Жыхары Ізраілю ў бомбасховішчы.
Фота: даслаў Алег Барадзін

«Толькі што нас бамбілі. Дроны даляцелі і да нашага гораду. Ён глыбока ў тыле. Сірэны не было. Я адзін не спаў. Убачыў у акне серыю яркіх выбліскаў. Адна, дзве, дзесяць, дваццаць. Забегаю ў дзіцячую, жонка ўжо паднімае дачку, я за сынам і дзецьмі бегам у міклад [сховішча. – belsat.eu]. Пакуль беглі – усё неба ў агнях і выблісках ад перахопаў. Цяпер сядзім у мікладзе. Дроны падлятаюць групамі, мяркуючы па ўспышках па 25-30 штук. Інтэрвал паміж атакамі 5 мін. Толькі што скончылася трэцяя хваля. У небе чутны гул самалётаў. Чакаем канца нападу», – адзначыў Алег Барадзін.

Паводле яго, перад атакай на ўсе тэлефоны прыйшло апавяшчэнне з новымі ўказаннямі Службы тылу Ізраілю, якія павінны дзейнічаць да 23:00 15 красавіка. Указанні залежаць ад таго, у якой зоне знаходзіцца населены пункт (пры гэтым, у кожнай зоне ёсць выключэнні для асобных населеных пунктаў). На прылеглых да Сектару Газе тэрыторыях, за выключэннем некалькіх населеных пунктаў, ніякая адукацыйная дзейнасць не дапускаецца. Няма заняткаў у школах і дзіцячых садах. Сходы і мерапрыемствы могуць праводзіцца з абмежаваннем да 100 чалавек на адкрытай пляцоўцы і да 300 чалавек у будынку. Пляжы ў краіне закрытыя для наведвання. Прысутнічаць на працоўным месцы дазваляецца толькі ў тым выпадку, калі яно знаходзіцца ў будынку ў якім знаходзіцца стандартнае абароненае бамбасховішча. Мяжа ля Лівана і Сірыі аб’яўлена «лініяй супрацьстаяння».

Дадаткова прыйшлі паведамленні аб адмене летніх лагераў для школьнікаў, згортванні адукацыйных праграм падчас летніх канікулаў, адмяняюцца забаўляльныя мерапрыемствы для дзяцей і моладзі ў грамадскіх цэнтрах, маладзёжных аддзелах мясцовых органаў улады і маладзёжных рухах, паездкі і кемпінгі, спартыўныя мерапрыемствы. У тым ліку, у адукацыйных цэнтрах для школьнікаў, якія знаходзяцца ў эвакуацыі.

Экстранна было праведзенае правяранне ўсіх бамбасховішчаў.

«Сёння вырашылі спаць у адзенні. Аварыйны рукзак з дакументамі паставілі да выхаду», – распавёў Барадзін.

Нагадаем, што ўночы на 14 красавіка Іран і ягоныя саюзнікі ўчынілі масавы абстрэл дронамі і ракетамі Ізраілю. Гэта стала адказам на траплянне ракеты 1 красавіка ў кансулат Ірану ў Дамаску (Сірыя), у выніку якога загінулі высокапастаўленыя іранскія вайскоўцы.

Абнаўляецца
Іран з саюзнікамі абстрэльвае Ізраіль дронамі і ракетамі. Ім абяцаюць «магутны» адказ
2024.04.13 22:43

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў