Міністр абароны Беларусі анансаваў новыя правяранні ў арміі


Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін назваў унікальным «раптоўнае правяранне аднаго са злучэнняў Узброеных сілаў», што трывае цяпер, і анансаваў новыя манеўры. «Гэта не апошняе правяранне такога маштабу», – сказаў генерал. Ягоныя заявы апублікаваў Telegram-канал Міністэрства абароны.

Міністр абароны Віктар Хрэнін з удзельнікамі правярання боегатовасці арміі. 14 красавіка 2023 года.
Фота: Мінабароны Беларусі / Telegram

«Раптоўнае правяранне аднаго са злучэнняў Узброеных сілаў» распачалі на даручэнне Аляксандра Лукашэнкі. «У такім маштабе такое мерапрыемства ладзіцца ўпершыню», – заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін журналістам.

«У межах гэтага правярання няма ніякіх абмежаванняў. Увесь комплекс мерапрыемстваў у прывядзенні злучэння ў баявую гатовасць «поўная» ладзіцца без абмежаванняў», – заявіў чыноўнік.

Манеўры прадугледжваюць набор рэзервістаў (міністр назваў гэта «пастаўкаю вайсковаабавязаных»), зняцце тэхнікі з захоўвання і рух у месца правядзення баявой зладжанасці. Цяперашні штат брыгады – 6 тысячаў асобаў, як у ваенны час.

«Гэта не апошняе правяранне такога маштабу. На пэўным прамежку часу такія правяранні ўсіх наяўных падраздзяленняў абавязкова зладзім», – адзначыў Хрэнін.

Цяперашнія манеўры распачаліся 4 красавіка.

Каментар
Новае правяранне боегатовасці арміі. Навошта яно Лукашэнку
2023.04.04 07:40

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў