Амерыканскія кангрэсмены – пра тое, чаго баіцца Пуцін і як ЗША дапамагаюць Украіне


На гэтым тыдні ў Варшаве прайшла прэс-канферэнцыя ў фармаце онлайн з чатырма амерыканскімі кангрэсменамі, якія цяпер у Польшчы з візітам. Журналісты з Украіны, Польшчы ды Амерыкі мелі магчымасць задаць пытанні, ці могуць ЗША неяк паўплываць на вайну Расеі з Украінаю. Прыводзім адказы на некаторыя пытанні.

Прэс-канферэнцыя амерыканскіх кангрэсменаў. Варшава, Польшча. 12 красавіка 2022 года.
Фота: U.S Embassy Warsaw

– Па-першае, калі Расея будзе дастаткова ашалелай, каб уварвацца ў адну з краінаў NATO, ці дамо мы дастаткова рашучы адказ? Па-другое, мы наклалі жорсткія санкцыі на Расею. Як яны паўплываюць на Пуціна? Як дастаць яго наўпрост? Я веру, што ён цяпер у вежы са слановай косці.

Кангрэсмен Майк Кўіглі (5-ая выбарчая акруга Іліною):

– Палітыка ЗША – абараняць любую краіну NATO і яе тэрыторыю. Я ўпэўнены: мы будзем трымацца гэтай палітыкі. Іншыя партнёры NATO шмат робяць у гэтым кірунку, мы вельмі шчаслівыя мець такіх партнёраў. Мы абсалютна не павінны недаацэньваць важнасці і магутнасці пагадненняў NATO. Мы абсалютна верым: тое, што там задэкларавалі, выканаецца.

Украінцы даказалі за вельмі кароткі перыяд часу сваю моц супраць расейскага войска. Вельмі шмат расейцаў вяртаецца дадому ў мяшках для трупаў. Неўзабаве мы ўбачым эфект ад гэтага. Да таго ж у партнёрстве з нашымі хаўруснікамі мы зрабілі дзірку ў расейскай эканоміцы. Яны не далічацца фактычна 15 % ВУП, гэта будзе мець наступствы. І гэта датычыць расейскіх алігархаў, кашалькоў ды маёмасці. Мы не дамо ім баляваць у сусветных сталіцах. Мы думаем, што гэта паўплывае на стан рэчаў і на тых бенефіцыяраў рэжыму. Яны будуць ціснуць на Уладзіміра Пуціна – не важна, будзе ён у вежы са слановай косці ці звонку.

Тое, чаго ён найбольш баіцца, – гэта ягоныя людзі. Тое, чаго ён найбольш баяўся ва Украіне, – паспяховай славянскай дэмакратыі, якая шануе заходнія свабоды і мае эканамічны рост. Ён не мог пагадзіцца з гэтым. Поспех ва Украіне – найлепшае, што мы можам зрабіць, каб быць пэўнымі, што Пуцін пацярпіць ад гэтага. Палітыка ЗША – Пуцін мусіць прайграць ва Украіне.

– Украіна паведамляе пра атрутнае рэчыва ў Марыупалі. Вы можаце штосьці пра гэта распавесці?

Кангрэсмен Джэйсан Кроў (6-ая выбарчая акруга Каларада):

– Мы чулі афіцыйны рапарт на гэты конт. NATO і ўрад ЗША працуюць над тым, каб верыфікаваць гэтыя заявы. Мы ведаем, што Расея заціснутая ў кут: іх «аперацыя» не ідзе добра, Пуцін раз’юшаны адсутнасцю прасоўвання войскаў. Таму яны і выкарыстоўваюць усё больш брутальную тактыку вядзення вайны і здзяйсняюць катаванні, забойствы і гвалт ды ваенныя злачынствы. Гаворка пра вынішчэнне цывільных раёнаў і тое, што яны б’юць ракетамі па чыгуначных станцыях. У такіх умовах можа дайсці і да таго, што яны могуць выкарыстаць хімічную зброю замест іншых відаў зброі. Таму мы імкнемся высветліць, ці гэтыя факты сапраўды мелі месца.

Ілюстрацыйны здымак. Помнік Тарасу Шаўчэнку ў Барадзянцы, якая месяц была пад акупацыяй расейскіх войскаў. Паводле мясцовых уладаў, мінімум 200 асобаў лічацца зніклымі без вестак. Кіеўская вобласць, Украіна. 5 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

– Што Кангрэс ЗША можа яшчэ зрабіць, каб дапамагчы Украіне?

Кангрэсмен Шон Патрык Малоўні (18-ая выбарчая акруга Нью-Ёрку):

– Кангрэс цяпер адзіны. Адзіны ў тым, каб даць гуманітарную і вайсковую дапамогу, моцныя санкцыі. Нам удалося даць дапамогу і ўзняць гэтую лічбу з 6 мільярдаў да 14 мільярдаў. Гэта быў вынік татальнага падтрымання рэспубліканцаў і дэмакратаў. Гэта тое, што сёння адбываецца ў Кангрэсе, і ўсе мы радыя, што бачым такое моцнае і адзінае падтрыманне Кангрэсу.

Таксама ў нас была магчымасць пагутарыць з нашымі партнёрамі з амерыканскіх дзяржаўных агенцтваў. Адна рэч – пастанавіць пра дапамогу і нават выдаткаваць яе, а іншая рэч – узяць яе адтуль, дзе яна ляжыць, і давесці, аддаць у рукі ўкраінцаў, дзе яна неабходная. Тое, што мы бачым, – гэта неймаверная супраца і пераадольванне складанай лагістыкі, каб даць гэтую зброю людзям на перадавой лініі, якія змагаюцца за Украіну. Кангрэс робіць сваю справу як можа. Але людзі з розных агенцтваў робяць тытанічную працу, каб гэтая дапамога магла быць рэалізаваная і дастаўленая ў рукі ўкраінцаў у патрэбе. Без чаго, безумоўна, украінцы не маглі б адкаціць пуцінскіх войскаў туды, дзе яны цяпер, гэтак эфектыўна.

– Ці зменіцца пазіцыя ЗША наконт беспалётнай зоны ў звязку з тым, што расейская армія выкарыстоўвала хімічную зброю?

Кангрэсмен Джэйсан Кроў (6-ая выбарчая акруга Каларада):

– Так, першы крок – высветліць, што адбылося, ці была хімічная атака. А потым можна разважаць, што мы рэальна можам зрабіць. Даволі цяжка тэрмінова расследаваць факт ужывання хімічнай зброі, бо гэта было ў Марыупалі, аточаным расейскім войскам, да яго фактычна няма доступу. Гэта выклік для ЗША і партнёраў, каб высветліць, што рэальна адбылося, і зразумець, што мы можам зрабіць у адказ.

Але мы маем шэраг інструментаў для адказаў. Мы дакладна не будзем мірыцца з выкарыстаннем хімічнай зброі. Адбудзецца міжнароднае расследаванне і адказ – не толькі адказ ЗША. Усё, што было зроблена для Украіны, – гэта будзе міжнародны адказ, а не толькі ЗША. Гэта і ЕЗ, і NATO. Таму наш адказ быў такі моцны. Мы будзем каардынавацца з нашымі хаўруснікамі, каб высветліць, які адказ трэба: вайсковы, эканамічны, тэхналагічны, дыпламатычна ці супольны.

Часам адказ і расследаванне вайсковых дзеянняў займае гады, але пасля яно дае выдатны вынік, каб пакараць тых, хто здзяйсняў злачынствы.

– Што наконт беспалётнай зоны? Можа, ЗША трэба даць украінцам амерыканскія знішчальнікі?

Кангрэсмен Шон Патрык Малоўні (18-ая выбарчая акруга Нью-Ёрку):

– Я падтрымліваю перадачу ўкраінцам эфектыўнай зброі, каб яны маглі сябе паспяхова абараніць і адкінуць расейцаў. Гэта вайсковае пытанне – у якім узбраенні яны найперш маюць патрэбу. Але мы чуем, што яны маюць больш цяжкае ўзбраенне. Тое, што яны мелі ў пачатку, «Джэвэліны», «Стынгеры», было эфектыўнае. Цяперашнія ж патрэбы адрозныя ад тых, што былі каля Кіева, цяпер трэба механізаваная зброя. Таму мы павінны добра прыслухацца і разважыць.

Прэс-канферэнцыя амерыканскіх кангрэсменаў. Варшава, Польшча. 12 красавіка 2022 года.
Фота: U.S Embassy Warsaw

– ЗША гатовыя дапамагчы фінансава ці гуманітарна Польшчы, бо яна прыняла 2,7 мільёна ўцекачоў?

Кангрэсмен Шон Патрык Малоўні (18-ая выбарчая акруга Нью-Ёрку):

– Так, усе мы аб’яднаныя ў тым, што патрабуецца вайсковая і гуманітарная дапамога. Польшча прыняла экстрэмальна вялікую колькасць уцекачоў: польскія сем’і прынялі 2,7 мільёна звычайных украінцаў, якія з’явіліся з дзецьмі, чые мужы засталіся ўдома. Большасць людзей прымаюць у дамах семʼі ў Польшчы. Губернатар Філ Скот з Вэрмонту хоча зрабіць ахвяраванні, ён заклікае нас гэта зрабіць. Але мы маем патрэбу надаць і вайсковую дапамогу. Таксама мы рыхтуемся да фінансавых санкцыяў, якія мы будзем ужываць разам з хаўруснікамі.

Кангрэсмен Пітэр Ўэлч (шматмандатная акруга Вэрмонту):

– Я згодзен, што мы маем дапамагчы. Прэзідэнт Амерыкі агучыў, што 100 тысячам уцекачоў пацвердзяць ахоўны статус. Гэта добрая кропка для старту, бо гэтая вайна можа працягвацца некалькі гадоў. Але гэты драматычны момант, які праліў святло на тое, што мы маем мноства ўцекачоў з зонаў ваенных дзеяў: Емен, Афрыка ды шмат якія яшчэ месцы. Гэта прымушае нас зразумець: нельга нікога выкідваць назад у небяспечныя зоны вайны. Мы павінны адчыніць дзверы для тых, хто сутыкаецца з такімі праявамі ўдома. Статуя Свабоды не трымае знаку забароны ў руках. Што адлюстроўвае, якая мы нацыя.

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў