«Здрада Лукашэнку, а не Беларусі». Новы закон уводзіць смяротнае пакаранне для чыноўнікаў


Праз 10 дзён уступіць у сілу нашумелы закон «Аб змене кодэксаў у пытаннях крымінальнай адказнасці», які ўводзіць крымінальную адказнасць за здраду дзяржаве ажно да смяротнага пакарання для чыноўнікаў і вайскоўцаў. Але гэта не адзіныя змены, прадугледжаныя гэтым дакументам. Мы вырашылі пагутарыць з юрыстамі і разам прааналізаваць некаторыя пункты гэтага закону.

Намеснік прадстаўніка па транзіце ўлады Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Арцём Праскаловіч гаворыць, што ўводзячы такі закон, рэжым Аляксандра Лукашэнкі пераследуе тры асноўныя мэты.

«Па-першае, складана спыніць рэпрэсіўны механізм, і, калі скончыліся рэпрэсіі для простых беларусаў, яны пачалі шукаць ворагаў сярод сваіх».

«Бо трэба ж нешта прапаноўваць кіраўніцтву, Лукашэнку, – працягвае юрыст, – паказваць, што аналізуецца сітуацыя, што рыхтуюцца засцярогі нейкія перад тымі палітычнымі кампаніямі, якія будуць у 2024 і 2025 гадах – прынамсі, рэжым да іх рыхтуецца. Другое – гэта супрацьдзеянне тым дзяржаўным служачым, якія пераходзілі адкрыта на бок беларускага народу ў 2020 годзе. Ну і трэцяе – стварыць перадумовы для супраціву, які можа спатрэбіцца, калі Лукашэнка ўсё ж такі паўнавартасна ўцягнецца ў наземную вайсковую аперацыю ва Украіне. Бо шмат для каго з дзяржаўных служачых гэта будзе новай чырвонай лініяй, праз якую яны не змогуць перайсці, адпаведна яны стануць таксама на бок беларускага народу, на бок Украіны і такім чынам, у разуменні Лукашэнкі, здзейсняць здраду беларускай дзяржаве».

Чыноўнікам і вайскоўцам пагражае смяротнае пакаранне за здраду дзяржаве. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: inbusiness.kz
Чыноўнікам і вайскоўцам пагражае смяротнае пакаранне за здраду дзяржаве. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: inbusiness.kz

Юрыст, праваабаронца праваабарончай арганізацыі «Human Rights Impact» Раман Кісляк звяртае ўвагу на тое, што закон уносіць комплексныя змены, якія ўсталёўваюць больш жорсткае пакаранне па артыкулах аб здрадзе дзяржаве, тэрарызме і іншых, узмацняюць адказнасць, уводзячы пажыццёвае зняволенне, вышэйшую меру. І гэтых змен вельмі многа.

Ёсць сярод іх навэлы кшталту артыкула 289 «Прапаганда тэрарызму» або 3752 – «Парушэнне патрабаванняў па абароне дзяржаўны сакрэтаў», у якім накладаецца адказнасць не толькі за незаконнае перамяшчэнне носьбітаў дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь, але таксама і сакрэтаў іншаземных дзяржаў і міжнародных арганізацый, з якімі супрацоўнічае Беларусь. Гэта, мяркуе юрыст, можа быць падрыхтоўкай да развіцця ваеннага канфлікту, у якім удзельнічае Беларусь праз прадастаўленне сваёй тэрыторыі.

Многія звярнулі ўвагу на тое, што закон прадугледжвае значнае павелічэнне штрафаў, якія часам даходзяць да 50 тысяч базавых велічынь. Арцём Праскаловіч адзначае, што гэта, хутчэй, «магчымасць для тых, хто пойдзе на нейкую супрацу са следствам, пазбегнуць сапраўднага пазбаўлення волі, адкупіўшыся вялікімі грашыма, і рэжым Лукашэнкі хоча павялічыць гэтую суму адкупных».

Юрыст адзначае, што прыняццю таго ці іншага закона, як правіла, папярэднічае нейкі аналіз. «Але апошнія два гады, – гаворыць Арцём Праскаловіч, – дакладна бачна, што няма ніякіх аб’ектыўных падстаў для таго, каб прымаць гэтыя так званыя законы, тым больш накіраваныя на павелічэнне крымінальнай адказнасці».

Што ж датычыцца большых падставаў для прымянення смяротнага пакарання, то Раман Кісляк упэўнены, што «гэта ўсё ўздзейнічае на грамадства, на чынавенства». Нават звычайныя размовы аб тым, што будзе ўведзена смяротнае пакаранне, ужо ўздзейнічаюць на людзей, бо найчасцей яны нават не разбіраюцца ў дэталях, што за закон там змяніўся. Таму, па словах юрыста, «гэта накіравана на папярэджанне дзеянняў па раскрыцці інфармацыі, тэрарызму». А з іншага боку, закон будзе даваць больш магчымасцяў для следчых органаў: цяпер, паводле Рамана Кісляка, у іх будуць развязаныя рукі. Бо, здараецца, падчас затрыманняў яны вымушаны нешта прыдумваць, калі не могуць змяніць нейкую кваліфікацыю, але калі ўжо пачынаецца следства, суд, то адпаведныя органы мусяць кіравацца законамі, хоць і рэпрэсіўнымі па сваёй сутнасці.

Абодва юрысты падкрэсліваюць, што дадзены закон не мае зваротнай сілы, гэта значыць, што па тых справах, якія ўжо вядуцца следствам або разглядаюцца ў судах, кіравацца ім будзе нельга. Яго дзеянне будзе распаўсюджвацца на новыя «злачынствы». Праўда, гаворачы аб здрадзе дзяржаве, адзначае Арцём Праскаловіч, трэба разумець, што ў цяперашніх умовах гэта, хутчэй, здрада Аляксандру Лукашэнку, а ніяк не інтарэсам Беларусі. Але ў першую чаргу, на думку юрыста, «закон накіраваны не на лаяльных дэмакратычнаму руху чыноўнікаў, а, хутчэй, на пошукі ворагаў сярод сваіх».

На пытанне аб тым, ці можна чакаць прымянення гэтага закона для завочных судоў, абодва юрысты не выключылі такой магчымасці.

«Мне падаецца, што калі яны будуць мець намер да кагосьці прымяніць завочную судавытворчасць, то знойдуць той артыкул, які захочуць. Пры ўсім іх жаданні заўсёды як мага лепш падводзіць пад нібыта літару закона, нішто не замінае ім рабіць усё, што заўгодна. Таму што, як мы бачым, завочныя працэсы не з’яўляюцца адкрытымі і даступнымі для тых, хто ў іх абвінавачваецца», – адзначыў Арцём Праскаловіч.

Нагадаем, што 9 сакавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці», створаны з мэтай «ўзмацнення процідзеяння злачынствам экстрэмісцкай (тэрарыстычнай) і антыдзяржаўнай накіраванасці». 14 сакавіка закон быў апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, і ў 10-дзённы тэрмін пасля апублікавання ён уступіць у сілу.

Раман Шавель belsat.eu

 

Стужка навінаў