Смяротнае пакаранне за здраду дзяржаве змогуць прымяняць праз 10 дзён. Закон уступае ў сілу


У Беларусі ўжо праз 10 дзён змогуць прысуджаць да смяротнага пакарання за здраду дзяржаве. Праз такі тэрмін набываюць моц папраўкі ў кодэксы ў пытаннях крымінальнай адказнасці, пра што гаворыцца ў адпаведным законе, афіцыйна апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Уголовный кодекс Республики Беларусь, УК РБ
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь.
Фота: Белсат

14 сакавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваны закон № 256-3 ад 9 сакавіка «Аб змене кодэксаў у пытаннях крымінальнай адказнасці». Дакумент набывае моц праз 10 дзён пасля афіцыйнага апублікавання. Сярод іншага ўнесеныя змены ў артыкул 356 Крымінальнага кодэксу «Здрада дзяржаве», якія прадугледжваюць выкарыстанне смяротнага пакарання.

Цяпер здрадай дзяржаве будзе лічыцца «выдача замежнай дзяржаве, міжнароднай або замежнай арганізацыі або іх прадстаўнікам дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь, а таксама звестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты замежных дзяржаў, міжнародных арганізацый, міждзяржаўных утварэнняў, перададзеных Рэспубліцы Беларусь на падставе міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь або ў сувязі з яе ўдзелам у гэтых міжнародных арганізацыях, міждзяржаўных утварэннях».

Смяротнае пакаранне можа быць выкарыстанае ў выпадку, калі здрада дзяржаве здзейсненая службовай асобай, якая займае адказнае становішча, службовай асобай, якая займае дзяржаўную пасаду, або асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца. Сярод варыянтаў пакарання за здраду дзяржаве таксама засталіся пазбаўленне волі на тэрмін ад 10 да 20 гадоў са штрафам ці без штрафу і пажыццёвае пазбаўленне волі.

Таксама ўнесеныя змены ў артыкулы, якія прадугледжваюць адказнасць за здзяйсненне актаў тэрарызму. У прыватнасці, пазбаўленне волі на тэрмін ад 8 да 12 гадоў цяпер можа быць выкарыстанае да асобаў, якія не толькі здзейснілі злачынствы, прадугледжаныя артыкуламі 124, 289, 290-1 і 359, але і артыкуламі 125-127, 131, 287, 290-292, ч. 4. 294, ч. 4 арт. 295, ч. 4. арт. 309, ч. 3 арт. 311, ч. 3 арт. 322, арт. 324, ч. 3 арт. 333, арт. 360, арт. 361-1–361-5.

Пашыранае азначэнне артыкулу Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае адказнасць за наўмыснае разгалошванне службовай тайны. У прыватнасці, зʼявілася частка 2 артыкулу 375, якая прадугледжвае адказнасць за парушэнне патрабаванняў для абароны дзяржаўных сакрэтаў.

Таксама ўведзены артыкул 289-1 («Прапаганда тэрарызму»). Пад такімі дзеяннямі разумеюць «распаўсюджванне ў любой форме матэрыялаў і (або) інфармацыі ў мэтах фармавання ў індывідуальна-нявызначанага кола асобаў прыхільнасці да тэрарыстычнай ідэалогіі або прызнання тэрарыстычнай дзейнасці дапушчальнай».

За прапаганду тэрарызму ці яго публічнае апраўданне, у тым ліку з выкарыстаннем СМІ ці інтэрнэту, цяпер пагражае адказнасць у выглядзе арышту або абмежавання волі на тэрмін да 3 гадоў, або пазбаўлення волі на такі ж тэрмін са штрафам ці без штрафу. Прапаганда тэрарызму, здзейсненая асобамі, якіх раней судзілі паводле арт. 124–126, 289, 290-1–292, 324 ці 359, будзе карацца арыштам або абмежаваннем волі на тэрмін ад 3 да 5 гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў са штрафам ці без штрафу.

Апроч таго, уводзіцца крымінальная адказнасць паводле арт. 369-1 «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» за дыскрэдытацыю «Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь, іншых войскаў і воінскіх фармаванняў, ваенізаваных арганізацый».

Сярод іншых зменаў у Крымінальным кодэксе – увядзенне штрафаў памерам ад 500 да 50 тыс. базавых велічынь за некаторыя злачынствы. Апроч таго, цяпер за падазрэнне ў здрадзе дзяржаве, змове або іншых дзеяннях з мэтай захопу дзяржаўнай улады, шпіянажы і агентурнай дзейнасці асобы могуць быць затрыманыя на тэрмін да дзесяці дзён.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў