Разлучаныя вайной. Гісторыя ўкраінскай маці, якая змагла нарэшце абняць свайго 8-гадовага сына


Вайна разлучыла жыхарку Роўна Наталлю з сынам і мужам. Васьмігадовага Лёву на чацвёрты дзень вайны вывезла з Украіны ў Літву бабуля. Муж Павел застаўся ў Роўне, каб бараніць радзіму. А сама Наталля 3 сакавіка змагла прабіцца ў Польшчу, дзе яе прытуліла польская сям’я. Два тыдні маці пражыла без сына. Абняла яго толькі 12 сакавіка – у памежным польскім мястэчку Сувалкі, куды хлопчыка прывезла бабуля.

Наталля сустрэлася з сынам Львом пасля разлукі ўжо ў іншай краіне.
Фота: Белсат

«Нас забʼюць? Мы выжывем? Што з намі будзе?»

«Калі развітваліся з сынам у Роўне, я не ведала, з чым мы прачнёмся і ці наагул падымемся ранкам. Магчыма, трапім пад артабстрэл, а магчыма, іхную машыну па дарозе абстраляюць. Мы кожную хвіліну не разумелі, – і цяпер не разумеем – што будзе заўтра!

Проста цяпер я ў бяспецы – і магу разважаць пра гэта як пра мінулае. А тыя, хто застаўся ва Украіне, яны па-ранейшаму, як і я, пражываюць кожную гадзіну і кожную ноч у страху і няпэўнасці. Таму я не ведала, ці пабачу сына яшчэ хоць раз. Ці пабачу мужа…» – кажа Наталля.

У першыя дні вайны расейскія войскі некалькі разоў абстрэльвалі ракетамі аэрапорт у Роўне. Падчас паветранай трывогі сямʼя Наталлі хавалася ў сутарэнні бабулінага дому, бо самі жылі на небяспечным 8-м паверсе.

«Псіхалагічна цяжка было, тым больш – для дзіцяці. Мой сын пытаўся: «Нас заб’юць? Мы выжывем? Што з намі будзе?» Ён бачыў, як бягуць у сховішчы людзі, як жанчыны падаюць на зямлю. Было так, што мы беглі ў сховішча, і з намі нейкая бабуля, якая ў адзін момант стала раптам белая як сцяна – і проста спаўзла на зямлю. Мы ёй дапамаглі. Леў бачыў, як я плачу. І сам заплакаў», – успамінае Наталля.

Наталля чакае свякроўку з сынам у польскім мястэчку Сувалкі і размаўляе па тэлефоне з мужам, які застаўся ва Украіне.
Фота: Белсат.

Кажа, што праз гэты шок у хлопчыка зʼявіўся нервовы цік вачэй.

«І я разумела, што будзе яшчэ горш. Вельмі важна для дзіцяці, каб ён меў у такія моманты апірышча ў асобе мамы і таты. А мне складана было даваць яму гэтае апірышча, бо сама была ў такім стане, што…» – Наталля не знаходзіць словаў.

«Каб не Лёва, я б цяпер была побач з мужам»

Рашэнне прымалася імгненна. Увечары 27 лютага пазваніла Наталліна свякроў і паведаміла, што тэрмінова выязджае да сваякоў у Літву, – можа забраць і ўнука. Перад Наталляй і мужам стаяў выбар: або застацца разам і рызыкаваць сынавым жыццём, або – разлучыцца і даць яму бяспеку. Без ваганняў выбралі другое. Хоць на сэрцы было вельмі цяжка, прызнаецца Наталля. Выехаць разам з сынам у той дзень сама яна не магла.

«Калі расставаліся, вельмі плакаў: «Як жа я без цябе?» І муж мой на гэта: «Усё, нікуды не пушчу яго!» Але я сказала, што самае важнае, каб ён быў у бяспецы. Для кожнай маці гэта найважнейшае», – расказвае жанчына.

Наталля выехала з Украіны ў Польшчу праз тры дні. Кажа, што большасць украінак, якія пакінулі радзіму, зʼехалі толькі дзеля дзяцей.

Жыхарка ўкраінскага Роўна Наталля

«Каб не Лёва, я б цяпер была там, побач з мужам», – гаворыць Наталля.

Гульня ў фламастары

Расказваючы пра сямʼю, яна не можа стрымаць слёзаў. Кажа, што галоўнае і самае балючае пытанне, якое задаваў ёй сын праз тэлефон: што будзе з татам.

«Лёва вельмі добры і чуллівы. Я вось яму нядаўна сказала, што неўзабаве забяру яго. А ў яго ляжалі чатыры маркеры побач. І ён кажа мне, маўляў, глядзі: тут тата, тут ты, мама, а тут мы з бабуляй. І калі ты мяне забярэш, – адзін фламастар перакладвае да мяне – мы будзем разам, але тата і бабуля – будуць асобна…» – расказвае мама Льва.

Каб чатыры фламастары зноў апынуліся побач, трэба, каб скончылася вайна. А пакуль што хлопчык перасоўвае свой маркер да мамінага…

Каб апісаць сустрэчу Наталлі з сынам у Сувалках, бракуе словаў. Наталля прытуляе сына да грудзей, хлопчык кідаецца ў матчыны абдымкі, хаваючыся ад позіркаў людзей, ад нашых абʼектываў, ад усяго свету. А потым – абарочваецца да бабулі: яна вяртаецца ў Літву і застаецца на самоце (адзін фламастар – асобна).

«Цей літак не такий»

Першыя дзесяць хвілінаў на зваротным шляху ў Варшаву Леў расказвае маме пра Балтыйскае мора, якое пабачыў у Літве (размаўляюць па-ўкраінску), распытвае пра катоў, якія чакаюць ягонага прыезду ў новым месцы, і раптам змаўкае: «Мама, самалёт!» У вачах – трывога. Наталля абдымае сына і тлумачыць, што «цей літак не такий», што ён – мірны.

15 сакавіка Лёву споўніцца 9 гадоў. Ягоная мама прызнаецца, што не ведае яшчэ, як будуць святкаваць сынавы народзіны, бо ўпершыню давядзецца адзначаць без таты.

Наталля і Леў.
Фота: Белсат

«Можа, падорыш мне веласіпед?» – пытаецца Леў.

У Польшчы хлопчык пойдзе ў другі клас. Гаворыць, што ісці ў школу не вельмі хочацца. Уважліва ўглядаецца ў краявід за акном, за якім – яшчэ адна новая краіна.

«Я вельмі ўдзячная палякам. Тое, як мяне сустракаюць і дапамагаюць чужыя людзі, – столькі дабрыні і падтрымкі! – гэта фантастыка. У добрым сэнсе шакаваная іхнай шчодрасцю. Ніхто так, як палякі, нам не дапамагаў. Прытулілі і абяцалі дапамагчы са школай для сына», – кажа Наталля.

Да вайны яна працавала псіхолагам. Цяпер таксама плануе дапамагаць людзям, якія пацярпелі ад вайны.

«Колькі ўжо перажыта! А колькі наперадзе – страшна падумаць. І вельмі хочацца вярнуцца ў свой дом, да свайго мужа, на сваю радзіму», – гаворыць Наталля.

Рэпартаж
Стаць валанцёрам. Як журналіст «Белсату» дапамагаў уцекачам на «Варшаве Цэнтральнай»
2022.03.10 20:29

Паводле афіцыйнай інфармацыі, мяжу з Польшчай на 14 сакавіка перакрочылі ўжо 1 758 000 уцекачоў з Украіны, больш за 300 000 з іх прыняла Варшава. Большасць – жанчыны з дзецьмі.

У мінулую суботу польскі Сейм прыняў дакумент аб дапамозе ўцекачам. Згодна з ім, бежанцы з Украіны (грамадзяне гэтай краіны) будуць мець права на легальнае перабыванне ў Польшчы цягам 18 месяцаў, а таксама на працу ў краіне, атрымаюць індывідуальны нумар PESEL і аднаразовую фінансавую дапамогу. Дзяцей прымаюць у польскія школы. Паводле звестак за 6 сакавіка, у школы ўжо запісаліся 2700 вучняў з Украіны.

Паводле Генеральнай пракуратуры Украіны, з пачатку расейскага ўварвання ў краіне загінулі 90 дзяцей, больш за 100 былі параненыя.

Рэпартаж
«Там быць не хочацца». Чаму падчас вайны ва Украіне беларусы пакідаюць радзіму. І чаму вяртаюцца ў Беларусь
2022.03.08 19:37

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў