У 2020 годзе на Зеленалужскай лініі будзе ўжо 14 станцыяў! Прынамсі, так думалі ў 2015-м.
Будаваць метро куды-небудзь на поўнач Менску планавалі ад пачатку – яшчэ да запуску першай лініі з цэнтру на паўночны ўсход. На самых ранніх схемах лінію малявалі то ў раён Навінак, то ў бок цяперашняга Цнянскага вадасховішча (якое стварылі ўжо пасля тых першых планаў).
Цяпер план такі: на трэцяй лініі будзе 14 станцыяў ад Курасоўшчыны да Зялёнага Лугу. Агулам да 2030 года плануюць, што працягласць усіх лініяў метрапалітэну вырасце да 56,8 км з цяперашніх 44 км. Улады ўжо думаюць пра чацвёртую лінію ад плошчы Бангалор праз Акадэмію навук і Трактарны завод да Серабранкі, яе плануюць будаваць з 2030 па 2040 гады.
Ужо гатовыя чатыры («Кавальская Слабада», «Вакзальная», «Плошча Францішка Багушэвіча» і «Юбілейная плошча»). Яшчэ тры станцыі (за «Кавальскай Слабадой» – «Аэрадромная», «Немаршанскі сад» і «Слуцкі Гасцінец») плануюць на 2023 год.
Улады кажуць, што тунэльныя работы на іншым участку Зеленалужскай лініі (у бок плошчы Бангалор і ўласна Зялёнага Лугу) пачнуць ужо сёлета. Раней казалі, што гэты ўчастак збіраюцца дарабіць да 2028-2029 года.
«Ужо практычна праектныя работы дазваляюць выйсці там на пляцоўку, – казаў у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу АНТ старшыня Менгарвыканкаму Уладзімір Кухараў. – Калі мы не будзем займацца метро, то выдаткі будуць нашмат горшыя. У тым ліку і фінансавыя, і маральныя. Таму што мабільнасць перамяшчэння па сталіцы – гэта вельмі важна для кожнага».
Ды планы з метро пастаянна мяняюцца. Напрыклад, тыя чатыры станцыі Зеленалужскай лініі, што адкрыліся ў 2020 годзе, раней планавалі на 2018-ы (наступныя тры абяцалі «не раней за 2020 год», і яны праўда не былі збудаваныя да 2020-га), а пра завяршэнне ўчастку да Зялёнага Лугу планавалі на 2024 год. Ды й другім участкам пасля 4 збудаваных станцыяў раней лічылі якраз працяг лініі ў бок плошчы Бангалор, а не на «Слуцкі Гасцінец». А яшчэ раней планавалі, што ў 2017 годзе будуць гатовыя ўжо 7 станцыяў трэцяй лініі і нават думалі, што ў 2020 годзе будуць гатовыя ўсе 14 станцыяў.
Далейшае будаўніцтва можа пайсці як лягчэй, бо самую глыбокую станцыю, «Юбілейную плошчу», ужо здалі. Будаваць наступныя станцыі збіраюцца адкрытым спосабам: не капаць тунэль пад зямлёй, а раскапаць катлаван глыбінёй 15-16 метраў, што можа быць хутчэй за закрыты спосаб (хоць і меней зручна для жыхароў раскапаных вуліц). Цяжэй можа быць, бо ўвесь участак будзе ніжэй за грунтовыя воды – давядзецца рабіць так званае водапаніжэнне і тунэль пад Свіслаччу.
Таксама ўскладаніць будаўніцтва метро могуць санкцыі Злучаных Штатаў і Еўразвязу: наўрад ці іх увядуць супраць самога метрапалітэну ці «Метрабуду», але закрануць можа пастаўнікаў тэхнікі і матэрыялаў. Акрамя таго, будаўнікоў метро, як і ўсіх астатніх у Беларусі, могуць закрануць палітычна матываваныя звальненні. Рабочыя «Менскметрабуду» год таму ўжо скардзіліся на тое, што ім не працягваюць кантракты і змушаюць звальняцца, а выплаты заробкаў дамагаліся праз пракуратуру.
У планах будаўніцтва метро зусім не фігуруе праект будаўніцтва гіганцкага жылога раёну на полі між Навінкамі і Цнянскім вадасховішчам. Аляксандр Лукашэнка аддаў гэтую зямлю арабскаму бізнесоўцу, звязанаму з «Дана Холдынгз», і там дазволілі яшчэ больш шчыльнае будаўніцтва, чым у «Мінск-Свеце» (куды метро вядуць). Хоць канкрэтныя даты гэтага будаўніцтва невядомыя, але такая вялікая колькасць людзей, якую могуць пасяліць у гэты раён, можа вымагаць радыкальных транспартных рашэнняў. Але туды могуць і не перанакіраваць трэцюю лінію, а запланаваць чацвёртую – ад плошчы Бангалор на Навінкі замест Вяснянкі.
Змяніцца могуць і назвы станцыяў. Пакуль праект такі: за «Юбілейнай» збіраюцца рабіць станцыі «Прафсаюзная», «Пярэспа», «Камароўская» і «Парк Дружбы народаў» (гэта тыя станцыі, якія, імаверна, плануюць дабудаваць у 2028-29 гадах), пасля «Івана Мележа, «Зялёны Луг» і «Лагойская».
Але гэтыя планы ўжо мяняліся: за «Мележа» раней планавалі даць назвы «Кальцова» і «Зялёны Луг»; «Парк Дружбы народаў» называлі таксама «Плошчай Бангалор», «Камароўскую» – «Веры Харужай», «Пярэспу» – «Праспектам Машэрава», а «Прафсаюзную» – «Праспектам Пераможцаў».
Ды й ужо збудаваныя станцыі маглі мець іншыя назвы. Праектная назва станцыі «Багушэвіча» была «Клары Цэткін», «Вакзальная» была ў праекце «Прывакзальнай плошчай», «Кавальская Слабада» – «Жукоўскага».
Яшчэ не збудаваная станцыя «Немаршанскі сад» магла атрымаць назву «Лошыцкая» або «Немаршанскі парк», а «Слуцкі Гасцінец» мог стаць «Слуцкай Шашой» ці проста «Курасоўшчынай». Паўдзельнічаць у выбары назваў прапаноўвалі менчукам, але станцыі назвалі так, як хацелі да збору прапановаў.
Алесь Наваборскі belsat.eu