Ветэранам на свята прапаноўваюць фотасесію і памыцца ў лазні


Бяплатныя стрыжкі, тэлефанаванні і… арэнда катамаранаў! Такія падарункі падарункі для ветэранаў падрыхтавалі менскія ўлады. Раней да Дня перамогі ветэраны атрымлівалі грашовую дапамогу.

Паніжаныя кошты прапаноўваюць у пральнях, хімчыстках, майстэрнях рамонту вопраткі, абутку, ювелірных вырабаў. Частка фотастудыяў гатовая зрабіць для ветэрана прыгожую фотасесію ці дакументальны здымак за палову кошту. Паслугі пэўных гарадскіх лазняў патаннелі для ўдзельнікаў вайны на 20 %.

Таксама ўдзельнікам вайны забяспечанае права бясплатна тэлефанаваць па рэспубліцы ў дзень 9 траўня, з 00:00 да 23:59.

Вылучаецца са спісу карысных паслугаў забаўляльная прапанова ад КУП «Адпачынак» – удзельнікам вайны даецца магчымасць бескаштоўна пракаціцца на чоўне або катамаране. Што праўда, каб круціць педалі або грэбці вёсламі, трэба быць даволі бадзёрым ветэранам.

Поўны спіс ільготных паслугаў і адрасы ўстановаў можна ўбачыць на сайце Менгарвыканкаму.

Большасць прапановаў актуальныя да 10 траўня, астатнія будуць дзеяць толькі да канца месяца. Пасля гэтага жыццё ўдзельнікаў вайны вернецца ў звычайнае неільготнае рэчышча.

НЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары