Таксоўкі прапануюць новую паслугу: карыстанне інтэрнэтам


Распрацоўшчыкі праекту сцвярджаюць, што аналагаў няма ў Еўропе.

У Менску з’явіліся таксоўкі, якія прадастаўляюць магчымасць падчас паездкі карыстацца інтэрнэтам. “Мы хацелі, каб у дарозе людзі маглі чытаць навіны, адпраўляць пошту або кантактаваць праз Skype са сваякамі ці сябрамі”, — гавораць распрацоўшчыкі праекту. Праўда, для гэтага пасажырам трэба мець з сабой ноўтбук або мабільны тэлефон для выхаду ў сеціва. Аднак, па словах распрацоўшчыкаў, у хуткім часе адмысловыя тэрміналы з’явяцца наўпрост у салоне аўто.

Праект першага ў Беларусі інтэрнэт-таксі распрацаваны парталам TUT.BY, аператарам сотавай сувязі “Мабільныя ТэлеСістемы” (МТС) і транспартнай кампаніяй “Інтэрнэт Таксі” (служба 7177). Як паведаміў “Белсату” прадстаўнік кампаніі TUT.BY Аляксандр Мікалайчук, пакуль сістэма працуе ў тэставым рэжыме.

Паводле беларускага заканадаўства, дзеля таго, каб атрымаць інтэрнэт-паслугу, трэба паказаць пашпарт. “Нам ужо абяцалі, што на выхад у інтэрнэт праз wi-fi, гэта не будзе распаўсюджвацца. Але, калі норма застанецца, то вызначыць асобу можна будзе праз нумар тэлефону, праз які ідзе замова”, — тлумачыць Мікалайчук. Ён таксама распавёў, што з 1 сакавіка пачне працаваць сістэма замовы інтэрнэт-таксі праз сацыяльную сетку, таксама кліент зможа самастойна разлічыць кошт і аптымальны маршрут паездкі.

Пакуль у Менску курсіруе толькі 10 аўтамабіляў з лагатыпам “інтэрнэт-таксі”, але прадстаўнікі кампаніі ўпэўнены, што ў хуткім часе гэта лічба павялічыцца да 100. Тым больш, што попыт на незвычайную паслугу вельмі вялікі, асабліва сярод замежных гасцей беларускай сталіцы.

belsat.eu

Стужка навінаў