Еўразвяз мусіць быць «цвёрды, але адкрыты», або Навошта трэба «Дыялог дзеля мадэрнізацыі Беларусі»


З часоў брутальнага разгону паслявыбарчай дэманстрацыі ў снежні 2010 года і масавых арыштаў апазіцыянераў ЕЗ страціў каналы кантакту з уладамі Беларусі. У адрозненне ад такіх постсавецкіх краінаў, як Украіна, Грузія ці Малдова, у Беларусі Еўразвяз практычна не мае з кім размаўляць.

Як заахвоціць уладаў?

Еўразвяз разам з прадстаўнікамі беларускай грамадскай супольнасці год таму зыніцыяваў праект «Дыялог з грамадзянскаю супольнасцю дзеля мадэрнізацыі Беларусі», які мог бы стацца платформаю, да якой з часам далучацца і прадстаўнікі ўладаў. Тэма важная таксама і для самога Лукашэнкі, які з некаторага часу паўтарае, што беларускай малаэфектыўнай гаспадарцы трэба мадэрнізацыя.

ЕЗ пастанавіў даць шанец на дыялог пра тое, як мае выглядаць Беларусь, і ў аўторак Еўрапарламент пад эгідаю Еўрапейскай народнай партыі ды кіраўніка дэлегацыі ў справах Беларусі еўрадэпутата Філіпа Качмарэка (Filip Kaczmarеk) зарганізаваў канферэнцыю, што падвынікавала першы год рэалізацыі праекту.

У канферэнцыі апроч беларускага боку ўзялі ўдзел намеснік міністра замежных справаў Польшчы Ежы Памяноўскі (Jerzy Pomianowski), адмысловая прадстаўніца нямецкага МЗС у справах Цэнтральнай Еўропы Ант’е Леэндэрстэ (Antje Leenderste), прадстаўнік Паўночнай рады міністраў Пэр-Крыст’ян Фос (Per-Kristian Foss), а таксама кіраўнік камісіі ў замежных справах Еўрапарламенту Эльмар Брок (Elmar Brok) і еўрадэпутат Яцэк Пратасевіч (Jacek Protasiewicz).

Год дыялогу

У першай панэлі, што датычыла падсумавання праекту, Гунар Віганд (Gunnar Wiegand), дырэктар у справах «Усходняга партнёрства» Еўракамісіі падкрэсліў, што стасункі з Беларуссю не папраўляюцца, бо не развязанае пытанне палітычных вязняў. Аднак таксама прыгадаў: апошнім часам Беларусь імкнецца паправіць дачыненні, дазваляючы адкрыццё шведскай амбасады ў Менску, што практычна не функцыянавала з часоў выдалення шведскага амбасадара.

Прадстаўнік польскага МЗС Ежы Памяноўскі ў сваю чаргу заўважыў, што мадэрнізацыя не можа быць выключна «рэстаўрацыяй помнікаў», г.зн. неэфектыўных прадпрыемстваў, а трэба комплексная змена сістэмы. Ён нагадаў, што Польшча падтрымлівае мадэрнізацыю Беларусі, спансуючы праекты, якія маюць на мэце павелічэнне магчымасцяў доступу беларусаў да крыніцаў незалежнай інфармацыі – такіх, як «charter97.org», Беларускае інфармацыйнае бюро і «Белсат».

«Антыдэмакратычная контррэвалюцыя»

Палітык Аляксандр Мілінкевіч мяркуе, што на тэрыторыі былога СССР мае месца «антыдэмакратычная контррэвалюцыя», зыніцыяваная Расеяй, якая такім чынам хоча нейтралізаваць уплыў «Усходняга партнёрства». Паводле яго, гэта знак адраджэння расейскага імперыялізму. Палітык цвердзіць, што Еўразвяз, нягледзячы на праблемы, не мусіць зачыняць дзверы перад такімі краінамі, як Украіна, Грузія ці Малдова. Гэта таксама будзе добрым знакам для грамадзянаў Беларусі.

Яцэк Пратасевіч падкрэсліў вагу дыялогу падчас сістэмных зменаў, узгадаўшы свой досвед з маладосці, калі, як выявілася, памылкова супраціўляўся правядзенню «Круглага стала» – працэсу дыялогу камуністычных уладаў Польшчы з тагачаснай дэмакратычнай апазіцыяй, які прывёў да пераменаў у краіне. Еўрадэпутат мяркуе, што гатовасць да супрацы з Беларуссю не ёсць наіўнай, і адзіны шанец на папраўленне дачыненняў – вызваленне палітвязняў, а таксама спыненне дыпламатычнай і прапаганднай вайны з Польшчаю.

38 рэпрэсаваных

У другой панэлі, прысвечанай будучыні ініцыятывы, выказваліся ў асноўным прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці ды апазіцыі.

Намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч падкрэсліў, што анансаваная ўладамі мадэрнізацыя будзе насіць аўтарытарны характар і, паводле задумы, мае адбыцца без удзелу грамадзянскай супольнасці. Ён прыгадаў, што тэарэтычнае вяртанне ЕЗ да дыялогу з уладаю не мусіць адбыцца раней за вызваленне палітычных вязняў. Дзеяч прыгадаў, што ў Беларусі 38 асобаў надалей зазнаюць розныя абмежаванні – такія, як умоўныя выракі, забарона на выезд і г.д.

«Лукашэнка – майстар імітацыі»

Беларускі моладзевы актывіст Франак Вячорка мяркуе, што рэжым разумее мадэрнізацыю як тэхнічнае абнаўленне без змены сістэмы. На ягоную думку, Лукашэнка – майстар імітацыі, які будзе прывабліваць Захад прапановамі стварэння інстытуту омбудсману або ўвядзеннем прапарцыянальнай сістэмы на выбарах у парламент. Актывіст засцерагае ад выкрэслівання з «чорнага спісу» асобаў, якім забаронена ўязджаць у ЕЗ. Здыманне санкцыі хоць з адной асобы без аніякіх саступак са свайго боку афіцыйны Менск успрыме як перамогу. Паводле Вячоркі, беларусы стаміліся ад Лукашэнкі ды вінавацяць яго ў паніжэнні ўзроўню жыцця. У ініцыятыве ЕЗ мусяць быць больш прадстаўленыя групы, што выступаюць за санкцыі. Належыць таксама больш уважліва прыглядацца да прадстаўнікоў улады, што бяруць удзел у праекце. Ён нагадаў, што ў розных сустрэчах бралі ўдзел прадстаўнікі адміністрацыі ўніверсітэтаў, якія адлічалі яго ды ягоных паплечнікаў з вучобы за палітычную дзейнасць.

Няма дыялогу без свабодных выбараў

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька пералічыў прозвішчы ўсіх беларускіх вязняў сумлення. Ён запрапанаваў 3 крокі, якіх мае дамагацца ЕЗ: вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў, правядзенне свабодных і справядлівых выбараў, згодных са стандартамі АБСЕ, і толькі потым – пачатак дыялогу з уладамі дзеля мадэрнізацыі Беларусі. Паводле палітыка, цяпер улады краіны жадаюць за вызваленне палітвязняў выкрэслівання чарговых прозвішчаў з «чорнага спісу».

Лябедзька зазначыў, што пакуль ЕЗ няшмат робіць для грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, прыгадаўшы ў гэтым кантэксце праблемы з фінансаваннем «Белсату» і адсутнасць падтрымання для іншых незалежных медыяў. Апазіцыянер папярэдзіў пра працэс прыватызацыі, якая можа прывесці да продажу беларускіх прадпрыемстваў расейцам ці кітайцам. Палітык не пагаджаецца з акрэсленнем «санкцыі» ў дачыненні забароны 200 беларусам уезду на тэрыторыю ЕЗ. Паводле палітыка, гэтыя захады не датычаць беларускага народу, а толькі групы асобаў, што парушаюць Канстытуцыю.

Пакуль жа беларускае грамадства няшмат ведае пра еўрапейскую ініцыятыву. Паводле розных даследаванняў, пра існаванне «Дыялогу» ведае 4–20 % беларусаў.

Мала ведаем пра Беларусь

Напрыканцы сустрэчы еўрадэпутат Філіп Качмарэк падкрэсліў, што ЕЗ не жадае мадэрнізацыі, якая разумеецца як працэс, што адбываецца ў аўтарытарнай дзяржаве. Еўразвяз мусіць быць «цвёрдым, але адкрытым» на магчымасць размовы з уладамі на тэму пераменаў і спрабаваць ангажаваць лакальныя эліты – аднак толькі тыя, што не бралі ўдзелу ў пераследзе апазіцыі. Качмарэк мяркуе, што грамадзяне ЕЗ і еўрапейскія інстытуты мусяць пашыраць свае веды пра Беларусь, бо пакуль інфармацыя пра краіну даходзіць да Еўропы з нагоды крызісаў і скандалаў. Паводле Качмарэка, «беларускае пытанне» не дзеліць палітычныя групы ў Еўрапарламенце, мае месца адзіная пазіцыя.

Праект «Дыялог дзеля мадэрнізацыі Беларусі» датычыць чатырох аспектаў: палітычных рэформаў, прававой сістэмы, эканамічных і грамадскіх рэформаў.У праекце бралі ўдзел 60 прадстаўнікоў беларускай грамадскай супольнасці. У дзяржаўных медыях яго рэпрэзентавалі як змову, «што мае на мэце падначаліць Беларусь». Аднак пазней кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей заявіў пра магчымасць далучэння да праекту.

Я.Б., М.Л., belsat.eu

Стужка навінаў