Вызваліць сябе праз маляванне


Калі вы апошні раз трымалі ў руках пэндзлік? Хіба, як і большасць удзельнікаў трэнінгу «правапаўшарнага малявання», яшчэ ў школе.

Берасцейскія грамадскія актывісты Сяргей Кавалевіч і Вольга Сарока запрашаюць усіх ахвотных на курсы разняволенага малявання. У нефармальнай атмасферы як сталыя, так і самыя маленькія мастакі стваралі шэдэўры.

{movie}”Правапаўшарнае маляванне” ў Берасці|right|9893{/movie}

«У нас дзве паўкулі галаўных мазґоў. Левая адказвае за логіку, за рацыянальныя паводзіны, а правая – за эмоцыі, за мастацкія здольнасці. То бок, калі мы адключаем адну, працуе другая. Адключыць лагічную паўкулю дапамагае адмысловая музыка, адмысловыя словы. І калі першыя працы атрымліваюцца з цяжкасцю, то з кожнай наступнай працы чалавек усё болей разнявольваецца і творыць вольна», – адзначае Сяргей Кавалевіч.

Шмат хто з удзельнікаў са здзіўленнем адкрыў у сябе здольнасці, якіх не былі ў стане здабыць школьныя настаўнікі.

«Самае прыемнае – паказваць чалавеку, які раней ніколі не маляваў, ягоную працу і бачыць ягоныя вочы – неверагоднае пачуццё, – дзеліцца ўражаннямі Вольга Сарока, якая адмыслова для гэтых курсаў сама прайшла трэнінгі прафесійнага малявання. – Выдатна, калі людзі так збіраюцца і здабываюць усё тое светлае і цудоўнае, што маюць унутры. Гэта таксама вельмі моцная псіхалагічная практыка. Я хачу, каб людзі адкрывалі сябе, разумелі, якія яны таленавітыя, і тады яны будуць больш шчаслівыя».



Каб стаць удзельнікам «правапаўшарнага малявання» дастаткова купіць пэндзлі, фарбы і паперу ды захапіць з сабою добры настрой. Сяргей і Вольга запэўніваюць, што гэта толькі пачатак.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў