Украіна і Расея чарговы раз абмяняліся палоннымі


Адбыўся чарговы абмен палоннымі паміж Расеяй і Украінай у фармаце 20 на 20 чалавек. У ліку палонных, якія вярнуліся ва Украіну, – 14 вайскоўцаў ЗСУ, чацвёра байцоў тэрабароны, адзін нацгвардзеец і вайсковец вайскова-марскіх сілаў. Пра гэта паведаміў кіраўнік Офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ермак.

Палонныя ўкраінцы пасля абмену.
Фота: ermaka2022/Telegram

Сярод украінцаў, якія вярнуліся з палону, ёсць людзі, якіх расейцы ўтрымлівалі ў Аленаўцы, на часова акупаваных тэрыторыях Запарожскай і Херсонскай вобласцяў.

«Хлопцы праходзяць медычны агляд, усе шчаслівыя быць на роднай зямлі. Іх вельмі чакалі ўдома. Часта гэта жонкі і бацькі, а шмат каго чакаюць дзеці», – дадаў Андрэй Ермак.

Дзе менавіта абмяняліся палоннымі, не паведамляюць. Вядома, што раней некалькі абменаў палоннымі паміж Расеяй і Украінаю праводзілі на беларуска-ўкраінскай мяжы.

Палонныя ўкраінцы пасля абмену.
Фота: ermaka2022/Telegram

Папярэдні абмен палоннымі паміж Украінай і Расеяй адбыўся 11 кастрычніка. Тады ва Украіну вярнуліся 32 абаронцы, а таксама цела загінулага ізраільцяніна Дзмітрыя Фіялкі. Сярод вызваленых – афіцэры, сяржанты і салдаты ЗСУ. Усе яны былі ў месцах, дзе трывалі актыўныя баявыя дзеянні. Шмат каго з іх лічылі зніклымі без вестак.

Загінулы ізраільцянін Дзмітрый Фіялка апошнія два гады жыў ва Украіне, працаваў дзіцячым трэнерам па футболе ў клубе львоўскага «Дынама». На фронт ён пайшоў добраахвотнікам.

Hавiны
На беларуска-ўкраінскай мяжы Расея і Украіна правялі абмен палоннымі
2022.09.29 17:37

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў