З Малдовы дэпартавалі кіраўніка мясцовага філіялу прарасейскага выдання «Sputnik»


Улады Малдовы дэпартавалі з краіны кіраўніка расейскага інфармацыйнага агенцтва «Sputnik Молдова» Віталя Дзянісава. Яго прызналі асобай, якая прадстаўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Малдова. Пра гэта паведамляе «РИА Новости».

Інфармацыйнае агенцтва «Sputnik Молдова». Крыніца: cenzura.md

Віталь Дзянісаў расказаў, што раніцай 13 верасня ў кватэру, дзе ён пражываў у Кішынэве, прыйшлі супрацоўнікі міграцыйнай службы Малдовы. Яго завезлі ў аэрапорт і выдалі пастанову пра дэпартацыю і забарону ўезду ў Малдову на працягу 10 гадоў. Першым жа рэйсам яго адправяць у Маскву.

Паводле кіраўніка «Sputnik Молдова», яго палічылі пагрозаю нацыянальнай бяспецы краіны.

Усе рэсурсы «Sputnik Молдова» былі заблакаваныя ў гэтай краіне неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны. ​​Блакаванне патлумачылі рызыкай распаўсюджвання «дэзынфармацыі, якая закранае нацыянальную бяспеку».

Нагадаем: у ліпені і жніўні 2023 года Малдова выслала 45 расейскіх дыпламатаў і супрацоўнікаў пасольства праз асцярогі наконт спробаў Масквы «дэстабілізаваць» сітуацыю ў краіне. Перад гэтым выйшла расследаванне, у якім гаварылася, што на даху расейскага пасольства ў Кішынэве размешчаны антэны, якія дазваляюць праслухоўваць тэлефонныя перамовы.

Hавiны
Малдова высылае 18 расейскіх дыпламатаў і 27 супрацоўнікаў персаналу пасольства РФ
2023.07.27 10:28

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў