Які суп будзе на радасць вясною?


Вясна пакрысе набірае моцы, а з ёю і ўсе раслінкі брыняюць сакавітасцю і вітамінамі. Гэта значыць, надышоў час для вясновых страваў, што менавіта цяпер будуць самыя карысныя і смачныя. І куды ж тут без супчыкаў? Дзелімся з вамі некаторымі рэцэптамі самых лёгкіх і смачных з іх.

Суп са шчаўя.
Фота: 1000.menu

Суп са шчаўя

Нам спатрэбіцца:

  1. Мясны булён (можна і без яго, калі вы не ясце мяса) – 2 літры
  2. Пучок шчаўя
  3. Бульба – 3-4 штукі
  4. Курыныя яйкі – 2-3 штукі
  5. Соль, перац, зеляніна – на смак
  6. Смятана

Адварваем кавалак мяса з перцам і соллю, пасля дастаём яго з булёну. Пры жаданні мяса можна дадаць у гатовы суп. Дробна наразаем шчаўе, бульбу і дадаём у булён. Як толькі бульба зварыцца (а гэта хвілінаў 5), выключыце рондаль і дайце страве настаяцца. Курыныя яйкі трэба зварыць і імі ўпрыгожыць суп. Дадаць зеляніну са смятанай.

Фота
Халодныя супы – як не галадаць у спёку і не зварыцца на кухні
2022.07.03 09:35

Халодны суп з рабарбару

Нам спатрэбіцца:

  1. Рыба – о,5 кілаграма

  2. Вада – 1,5 літра
  3. Рабарбар – 300 грамаў
  4. Яйкі курыныя – 2 штукі
  5. Агурок – 1 штука
  6. Соль, цукар на смак

Хвосцікі рабарбару парэзаць дробнай саломкай, заліць вадой, праварыць 3-4 хвіліны, зняць з агню і даць настаяцца 2 гадзіны. Бульбу, рыбу і яйкі зварыць асобна і нарэзаць на кавалкі. Нарэзаць агурок. Падаваць на талерцы, заліўшы гэтую нарэзку халодным адварам з рабарбару. Можна са смятанаю.

Інгрэдыенты для крапіўніка.
Фота: 1000.menu

Крапіўнік

Нам спатрэбіцца:

  1. Бульба – 2 штукі
  2. Смятана – 2 лыжкі
  3. Цыбуля – 1 штука
  4. Морква – 1 штука
  5. Алей
  6. Крапіва – 1 пучок
  7. Зеляніна – на смак
  8. Цытрынавы сок – 1 лыжка
  9. Соль, перац – на смак
  10. Вада – 1,5 літра

Адварыць бульбу, расцерці са смятанай і вярнуць у той жа рондаль. Нарэзаць цыбулю, натаркаваць моркву і падсмажыць на алеі 4-5 хвілінаў. Дадаць у рондаль. Вымыць, нарэзаць крапіву і зеляніну і таксама дадаць да супу. Заліць сок цытрыны, пасаліць і паперчыць. Праз 2 хвіліны гатовы суп можна разліваць у талеркі.

Крэм-суп з радыскі.
Фота: fifthfloor.kitchen

Крэм-суп з радыскі

Нам спатрэбіцца:

  1. Радыска – 2 пучкі
  2. Бульба – 4 штукі
  3. Масла – 20 грамаў
  4. Свежая зялёная цыбуля
  5. Морква – 1 штука
  6. Кроп і спецыі – на смак

Бульбу адварыць, дадаць таркаваную падсмажаную моркву, нарэзаную радыску, масла, соль, спецыі. Варыць яшчэ хвілінаў 10. Дадаць кроп і цыбулю і змалоць суп у блэндары.

Суп-парэй.
Фота: cookingtime.ru

Суп-парэй

Нам спатрэбіцца:

  1. Малады парэй – 2 пучкі
  2. Зеляніна – на смак
  3. Бульба – 2-3 штукі
  4. Булён з гародніны ці мясны – 1,5 літра
  5. Цыбуля – 1 штука
  6. Соль, перац, мускатны гарэх – на смак
  7. Алей
  8. Ёгурт – 2 лыжкі

Зварыць булён, дадаць да яго парэзаную бульбу. Пакуль тая варыцца, падсмажыць цыбулю і дадаць у рондаль. Варыць яшчэ хвіліны 4. Дадаць парэзаны парэй, зеляніну, спецыі і ёгурт. Даць супу настаяцца хвілінаў 20 – і можна разліваць у талеркі.

Вяршковы суп-пюрэ з кальрабі.
Фота: iamcook.ru

Вяршковы суп-пюрэ з кальрабі

Нам спатрэбіцца:

  1. Кальрабі – 2 штукі
  2. Цыбуля – 1 штука
  3. Алей
  4. Масла – 10 грамаў
  5. Мясны булён – 1,3 літра
  6. Вяршкі (20-30 %) – 0,1 літра
  7. Соль – на смак
  8. Сухарыкі

Пачысціць і нарэзаць кубікамі кальрабі. Разагрэць рондаль, дадаць алей і цыбулю. Пасмажыць некалькі хвілінаў і дадаць кальрабі ды масла. Тушыць некалькі хвілінаў, заліць усё булёнам і варыць да мяккасці. Змалоць у блэндары і прапусціць праз сіта. Дадаць у суп вяршкі і варыць яшчэ 1-2 хвіліны. Разліты ў талеркі суп пасыпаць сухарыкамі.

Пра супы і іх карысць спрэчкі вядуцца шмат гадоў. Спачатку медыкі распавядалі пра важнасць штодзённага ўжывання вадкай стравы, пазней – наадварот, казалі, што суп – гэта пустая ежа беднякоў. У любым разе, горш ад такой стравы не будзе, а калі яе згатаваць з розумам, то і рэцэптары атрымаюць адное толькі задавальненне. А добры настрой – адная з галоўных умоваў псіхічнага здароўя. Таму смачна есці!

Агляд
Які суп прыгатаваць увосень?
2023.10.21 09:00

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў