Блогер Сяргей Пятрухін эвакуяваны з Беларусі


Блогер і былы палітвязень Сяргей Пятрухін быў эвакуяваны з Беларусі. Першы стрым з ягоным удзелам пасля вызвалення з турмы прайшоў на канале «Народны рэпарцёр».

Блогер і экс-палітвязень Сяргей Пятрухін.
Фота: STRYZHAK / Telegram

«Гэтая эвакуацыя была складанай, доўгай і напружанай, але я шчаслівы вам сказаць што ўсё атрымалася!» – напісаў у сваім тэлеграм-канале Андрэй Стрыжак.

Сяргей Пятрухін правёў сумесны стрым разам з Аляксандрам Кабанавым на канале «Народны рэпарцёр», у якім адказаў на некаторыя пытанні і перапыніў маўчанне, якое трымаў цягам года.

Таксама Андрэй Стрыжак напісаў пра тое, што «Сяргей пачынае жыццё на новым месцы і звяртаецца да ўсіх па дапамогу». Зрабіць данат Сяргею Пятрухіну можна па спасылцы.

Сяргей Пятрухін – блогер з Берасця, аўтар YouTube-канала «Народны рэпарцёр» і «Youtube-дэпутаты». Яго затрымалі 16 чэрвеня 2020 года разам з Аляксандрам Кабанавым. Разам Пятрухіна і Кабанава асудзілі па «народным» артыкуле 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») і артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь («Абраза прадстаўніка ўлады»). Пятрухін таксама быў асуджаны па артыкуле 391 («Абраза суддзі»). Суд прыгаварыў абодвух блогераў да 3 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

17 снежня 2022 года Пятрухін і Кабанаў выйшлі на волю. Кабанаў неўзабаве пакінуў Беларусь, а Пятрухін яшчэ больш за год заставаўся ў краіне, захоўваючы маўчанне.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў