«У абавязках было прымаць роды ў каровы». Палітвязень-праграміст – пра жыццё і працу ў ПУАТ № 45


Былы палітычны вязень Віктар Пархімчык выйшаў на волю 14 верасня 2022 года. У няволі ён правёў амаль два гады. Быў асуджаны на «хімію» за тое, што ў лістападзе 2020-га раскідваў самарэзы, каб перашкодзіць руху спецтранспарту памежных войскаў. Віктар прайшоў праз Акрэсціна, некалькі СІЗА, ПУАТ № 45 і калонію № 17 у Шклове, дзе забілі Вітольда Ашурка. У межах праекту «Зона.бел» мы папрасілі распавесці пра месцы, у якіх Віктару давялося адбываць пакаранне. Першая частка аповеду – пра «хімію» на Берасцейшчыне.

Віктар Пархімчык.
Фота: Белсат

У Беларусі за кошт вязняў будуецца рабская эканоміка

«Мая гісторыя пачалася ўвосень 2020 года, калі я спрабаваў перашкодзіць выезду падраздзяленняў спецыяльнай тэхнікі, з дапамогай якой стралялі па мірных дэманстрантах, – пачынае свой аповед Віктар Пархімчык. – Я дзесяць разоў раскідваў на дарозе самарэзы, каб такім чынам папсаваць колы спецаўтамабіляў памежных войскаў. Мой супраціў быў не звязаны з кветкамі ці балонікамі».

Віктара затрымалі 16 лістапада, якраз калі той чарговы раз раскладваў самарэзы. Праз некалькі месяцаў суд пакараў мужчыну двума гадамі «хіміі» паводле арт. 14 і ч. 1 арт. 339 КК РБ («Намер здзейсніць хуліганскі ўчынак»). У пачатку траўня 2021-га Віктар прыехаў у ПУАТ № 45 у вёску Сушкі Камянецкага раёну Берасцейскай вобласці. Там ён правёў год.

«Уявіце сабе калгас, у якім ёсць праблема – там мала хто хоча добраахвотна працаваць. А малако ў крамах павінна быць танным. Што рабіць? Наняць прыгонных, рабоў, то бок зняволеных. І так дасягнуць дзвюх мэтаў: пакараць апанентаў улады – прымусіць іх цярпець, і закрыць пытанне з працоўнаю сілаю ды танным малаком для насельніцтва. Гэтак старым правераным гулагаўскім спосабам у Беларусі цяпер будуецца рабская эканоміка», – Віктар дае сціслае азначэнне сутнасці такога пакарання, як «хімія».

Да «хіміі» Віктар займаўся SEO-прасоўваннем сайтаў. У ПУАТ разам з ім прыехаў ягоны партнёр і прасіў мясцовае начальства прызначыць «хімію» ў яго – ён абяцаў наняць Віктара, даць яму працу. Але дазволу не далі, спаслаўшыся на тое, што праца ўжо ёсць – у калгасе.

Працоўны час на «хіміі» ўдвая перавышаў дазволены законам

Віктара прымусова ўладкавалі ў калгас «Белавежскі» жывёлаводам 5-га разраду. Не звярнулі ўвагу на «сэрцавы» дыягназ мужчыны, які не дазваляў яму займацца такою працаю:

«Мяне прывезлі туды і сказалі: ідзі прыбірай, кармі. У той час, як я, айцішнік, нават не ведаю, як да той каровы падысці. Я потым прачытаў свае службовыя абавязкі – там казалася, што я мушу прымаць роды ў каровы, чысціць капыты».

Працаваць даводзілася ў «абсалютна нялюдскіх умовах», кажа былы палітвязень. Працоўны час часта двойчы перавышаў працягласць, дазволеную законам:

«Працавалі мінімум 80 гадзінаў на тыдзень, часам перапрацоўка ў «палітычных» была яшчэ большая. Мог быць такі расклад: 8 дзён запар з 5:00 да 17:30. І гэта афіцыйна ставілі ў табель. Гэта рабства. Дый сама праца з прадуктамі жыццядзейнасці свіней, кароў даволі шкодная. Людзі там хутка губляюць здароўе. У любой краіне за такія парушэнні была б сур’ёзная адказнасць. А ў нас не саромеюцца свае прозвішчы пісаць, падпісвацца пад гэтымі табелямі».

Праца выглядала наступным чынам, згадвае Віктар: кормараздатчык прывозіў сена, працаўнікі рассыпалі яго каровам. Пасля таго як кароў даілі, па яго прыязджалі прадстаўнікі аднаго буйнога і вядомага ў Беларусі прадпрыемства ды забіралі малако.

«Тады я зразумеў, як яны атрымліваюць танную сыравіну – за кошт рабскай працы», – кажа былы палітычны вязень.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Праграміста пакаралі за парушэнне тэхналогіі кармлення дойных кароваў

Умовы працы ў калгасе Віктар параўноўвае з сярэднявеччам:

«Уявіце сабе карцінку. Ферма, людзі, якія працуюць на коннай цязе. Ну бо навошта тая тэхніка, калі ёсць раб? Трактар трэба абслугоўваць, заліваць у яго салярку, каб быў цвярозы механік. Навошта гэта ўсё, калі можна проста прымусіць чалавека працаваць? А я не ўяўляю, навошта прыватнаму прадпрыемству, хай і калгасу, у ХХІ стагоддзі працаваць нібы плантатарам. Здаецца, ужо пару стагоддзяў таму людзі зразумелі, што рабства не працуе. Які сэнс яго спрабаваць аднавіць?»

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Але з Віктара кепскі раб: ён не адмаўляўся ад працы, але і энтузіязму таксама не праяўляў.

«Працую, як магу: прабачце, які ёсць. Не сам да вас прыйшоў, калі не падабаецца – адпраўляйце дадому».

Таксама Віктар спрабаваў адстаяць свае правы нават у тых умовах. У першы ж працоўны дзень на вязня аформілі спагнанне.

«Ведаеце за што? За парушэнне тэхналогіі кармлення дойных кароў! – смяецца мужчына. – Ды я дагэтуль не ведаю, як тых кароў карміць».

Віктар абскардзіў спагнанне ў калгаснай камісіі працоўных спрэчак:

«Мне падалося, гэта ў іх быў першы выпадак, каб хтосьці абскарджваў спагнанне. Мяне спрабавалі папракаць, што я не хачу працаваць. Я пытаўся: а вы думалі, куды мяне ўладкоўвалі? У мяне іншая прафесія, я не адпавядаю той пасадзе, на якой вы хочаце мяне прымусіць працаваць. Камісія са мною пагадзілася. А адразу нельга было гэта зразумець?»

«Прыходзіш пасля кароўніка брудны, смярдзючы – і не можаш схадзіць у душ»

Віктар абскардзіў і яшчэ адно спагнанне, пасля чаго яго перавялі на свінакомплекс на час хваробы асноўнага працаўніка. Там мужчына атрымаў траўму – свіння адтаптала яму нагу:

«Там жа вялізная свінаматка пад 300 кілаграмаў: уявіце сабе адчуванні, калі яна наступае на пальцы».

Побытавыя ўмовы былі не лепшымі за працоўныя, кажа наш суразмоўца. У пакоях жылі па 12 чалавек, спалі на двух’ярусных шконках. На чалавека былі разлічаныя тры квадратныя метры прасторы. У нейкі момант удзень сталі зачыняць кухню – проста так, каб ускладніць жыццё, падкрэслівае Віктар. Потым перасталі пускаць штодня ў душ – дазвалялі толькі раз на тыдзень, нягледзячы на тое, што вязні самі аплочвалі камунальныя паслугі.

«Уявіце сабе: прыходзіш пасля кароўніка брудны, смярдзючы – і не можаш схадзіць у душ», – абураецца Віктар.

Дзесяць содняў у ШІЗА за адмову гуляць у шашкі

Асуджаныя за гвалт, наркотыкі, бойкі маглі выходзіць у горад, «палітычных» жа нікуды не выпускалі», кажа Віктар. У выніку ежу можна было набываць толькі ў аўталаўцы, якая прыязджала два разы на тыдзень:

«Кошты там былі нашмат вышэйшыя, чымся ў звычайнай вясковай краме. Акрамя таго, карткі для аплаты прымаліся рэдка, апарат заўсёды ламаўся. У асноўным бралі наяўныя. Можна толькі здагадвацца, чаму так».

Заробкі пры гэтым на «хіміі» смешныя. Віктар нават увагі не звяртаў на іх, бо ў яго на картцы заўсёды і так былі сродкі – у Менску застаўся дзейны бізнес, а партнёры, сябры працягвалі падтрымліваць мужчыну і ягоную сям’ю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Reuters / Forum

Пасля працы для «хімікаў» ладзіліся абавязковыя прагляды прапаганды, гэта называлася «выхаваўчыя захады». У выходны дзень зняволены мусіў двойчы глядзець прапаганду:

«Усіх склікалі ў ленінскі пакой і ўлучалі ОНТ. І ты быў абавязаны слухаць. Адзін «палітычны» выйшаў у прыбіральню. На яго напісалі рапарт і адправілі ў ШІЗА. А быў адзін дзядок – на навінах сядзеў з заплюшчанымі вачыма. У яго запыталіся, чаму вочы заплюшчыў. Ён кажа – я слухаю, я так заглыбляюся. Яму кажуць – расплюшчы вочы і глядзі. Ён адмовіўся, і яго выклікалі на размову. А яшчэ прымушалі ў шашкі гуляць. Адзін запратэставаў – і паехаў на 10 содняў у ШІЗА, са мною там быў».

Акрамя гэтага, вязні мусілі маляваць насценгазеты на аднолькавы тэмы – пра шкоду наркаманіі, алкагалізму:

«Я не разумеў, навошта гэта мне, бо я не алкаголік, не наркаман, звычайны сямейны чалавек са сталаю працаю».

«Хімікі» таксама рабілі даклады на «патрыятычныя» тэмы.

«Аднак да мяне ні па даклады, ні па насценгазеты не звярталіся, – кажа былы палітвязень. – Думаю, бо я «нядобранадзейны» і магу нешта не тое намаляваць ці дакласці».

Але паколькі ў Віктара з дзяцінства хобі – маляванне, у вольны час ён рабіў паштоўкі асобам, якія пісалі яму лісты падтрымання.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

25 кіламетраў пешшу праз Белавежскую пушчу, каб дабрацца да працы

Праз месяц працы на свінакомплексе Віктара звольнілі і ўладкавалі на прыватны завод базальтавых матэрыялаў у Высокім. Туды было не так проста дабрацца. Спачатку Віктар ездзіў калгасным аўтобусам да прыпынку грамадскага транспарту і там садзіўся ў аўтобус да Высокага. Але потым маршрут калгаснага аўтобуса змяніўся:

«Мне склалі пешы маршрут. З вёскі Сушкі, дзе «хімія», гэта 25 кіламетраў. Першы дзень я пайшоў. Потым тэлефаную і пытаюся, як мне назад ехаць. Міліцыянт адказвае – як хочаш, так і едзь».

Нават у тых умовах былі людзі, якія падтрымлівалі вязняў, падкрэслівае Віктар: у першы дзень назад да «хіміі» яго завёз мясцовы жыхар.

«На наступны дзень я яму сказаў – ты ж не будзеш штодня мяне вазіць, давай я паспрабую пешшу прайсці, –  кажа наш суразмоўца. – Я выйшаў а 16:40, калі канчаецца працоўны дзень, і прыйшоў а 21:50 на «хімію». Я ішоў 5 гадзінаў па дарозе праз Белавежскую пушчу. Бачыў сапраўдных дзікоў. Фуры ездзяць, дарога цёмная. Даволі небяспечна».

Пасля гэтага «шпацыру» Віктар сказаў начальству «хіміі», што ад працы не адмаўляецца, але просіць даць яму маршрут, каб да яе дабірацца, ці знайсці іншую працу або перавесці на тую «хімію», дзе ходзяць аўтобусы.

«Мне адказалі: падпішы пешы маршрут, – кажа мужчына. – Я адмовіўся, бо 25 кіламетраў пешшу хадзіць не здолею. Мяне пачалі штораніцы здымаць на камеру і складаць пратакол, што я нібыта адмаўляюся ад працы, хоць я заўсёды падкрэсліваў, што не адмаўляюся. Працую, як магу: дайце маршрут. Я ўжо разумеў, што выбар у мяне невялікі: ці хадзіць па Белавежскай пушчы ў абодва бакі па 25 кіламетраў у цёмны час содняў, ці ехаць у калонію. Я падумаў, што ў мяне будзе больш шанцаў вярнуцца дамоў жывым праз калонію, чымся знятым з капота калгаснага малакавоза».

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Пасля некалькіх пратаколаў Віктара асудзілі за парушэнне рэжыму адбыцця пакарання і адправілі ў шклоўскую калонію, дзе палітычны вязень правёў крыху больш за тры месяцы, большую частку з якіх – у ШІЗА. Пра жыццё ў калоніі, дзе забілі Вітольда Ашурка, чытайце ў наступнай частцы аповеду Віктара.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў