Чаму ў Беларусі нельга абараніць дысертацыю пра савецкія рэпрэсіі?


У Беларусі вырасла цэлае пакаленне людзей, якія не ведаюць пра камуністычныя злачынствы, пры гэтым улады свядома хаваюць інфармацыю пра чорныя старонкі савецкай гісторыі – да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі канферэнцыі, прысвечанай пытанням захавання памяці ахвяраў камунізму.

Пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі ў першай палове ХХ стагоддзя Ірына Кашталян мае што сказаць – шмат гадоў жанчына вывучае штодзённасць беларускага грамадства 1944–53 гадоў. Што праўда, абараніць на гэтую тэму дысертацыю на гістфаку БДУ Ірына так і не змагла: “Тэмаю займацца небяспечна, я спрабавала бараніць дысертацыю тут. У выніку дайшло нават да звяртання ў суд, бо не было аб’ектыўнага разгляду на ўзроўні атэстацыйнай камісіі, калі мяне абвінавацілі ў ачарненні савецкай улады”.

{movie}Чаму ўладам невыгодная памяць пра савецкія рэпрэсіі?|right|9453{/movie}

У выніку гісторык была вымушаная адмовіцца ад працягу акадэмічнай дзейнасці на радзіме, пераехала ў Нямеччыну, дзе і абараніла дысертацыю. Падобная сітуацыя, кажуць ейныя калегі, у Беларусі – не выключэнне. Дзяржава ўсімі магчымымі спосабамі спрабуе пазбавіцца напамінаў пра жудасную частку савецкай гісторыі.

За апошнія 15 гадоў з боку ўладаў ніякіх пазітыўных зменаў не адбылося. Не з’явілася ніводнага мемарыяльнага знаку. Не выдалі ніводнай кнігі памяці. Не змянілася стаўленне дзяржаўных медыяў да гэтай праблемы”, – мяркуе гісторык Ігар Кузянцоў.

Гэта пры тым, што ў суседніх Польшчы, Літве і Латвіі тэма сталінскіх рэпрэсіяў вывучаецца ў школе як асобны прадмет. Нават Расея паступова дае волю гісторыкам ды хай і з абмежаваннямі, але адкрывае савецкія таямніцы.

Сяргей Крывенка з маскоўскага таварыства “Мемарыял” адзначыў: “Можна працаваць у архівах камуністычнай партыі, якія цяпер адкрытыя, можна працаваць у архівах палітбюро, разнастайных ведамстваў, канвойных войскаў і там знаходзіць інфармацыю пра рэпрэсіі. Даследчыкі працуюць, даволі шмат кнігаў”.

Нашыя гісторыкі глядзяць на расейскіх калегаў з пэўнаю зайздрасцю і… шкадаваннем. Нават паводле афіцыйных звестак у Беларусі больш за 600 тысяч ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў. З кожным годам у беларусаў застаецца ўсё менш шанцаў дазнацца праўду пра камуністычныя злачынствы і, магчыма, пра лёс уласных сваякоў.

Галоўнае ж пытанне, якое не дае спакою гісторыкам – чаму ўлады Беларусі не хочуць пайсці ім насустрач?

Я думаю, што прычыны лагічна тут не тлумачацца. Я заўжды адказваю на гэтае пытанне так: сённяшнія ўлады не нясуць ніякай адказнасці за тыя злачынствы, якія здзейснілі іх папярэднікі ў 30-я і 50-я гады мінулага стагоддзя”, – зазначыў Ігар Кузняцоў.

А таму адзінае тлумачэнне, якое прыходзіць у галаву, кажа гісторык, – улады баяцца, што пасля раскрыцця ўсіх злачынстваў камуністычных рэпрэсіяў грамадства заўважыць гістарычныя паралелі паміж сталінскім рэжымам і сучаснаю Беларуссю. І тады пазіцыянаваць сябе як пераемніка савецкіх традыцыяў кіраўніцтву краіны будзе… не камільфо.

Сяргей Марчык, belsat.eu

Стужка навінаў