Алеся Бяляцкага вылучылі на Нобелеўскую прэмію міру


Беларускага праваабаронцу Алеся Бяляцкага і кіраўніцу Маскоўскай Хельсінкскай групы Людмілу Аляксееву вылучылі на Нобелеўскую прэмію міру 2013 года. «Яны абодва зрабілі выклік аўтарытарным дзяржаўным структурам і незаконным злоўжыванням уладаю», – заявіў нарвежскі парламентар Ян Санэр, які запрапанаваў праваабаронцаў у якасці магчымых атрымальнікаў прэміі ў 2013 годзе.

Абодва кандыдаты намінаваліся на Нобелеўскую прэмію ў 2012 годзе, аднак яе прысудзілі Еўразвязу «за ўнёсак у прасоўванне міру і прымірэння, дэмакратыю і абарону правоў чалавека ў Еўропе».

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, лідар ліквідаванага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага 24 лістапада 2011 года суд прызнаў вінаватым ва ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры і прыгаварыў да 4,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Грошы, што знаходзіліся на асабістых рахунках Бяляцкага за мяжою, выдаткоўваліся на дапамогу рэпрэсаваным, аплату адвакацкіх паслуг, выплаты штрафаў і падтрымку сем’яў палітвязняў.

У 2012 годзе быў зняты дакументальны фільм пра дзейнасць правабарончага цэнтру “Вясна” ды Алеся Бяляцкага. Стужка “Вясна” даступная ў фільматэцы “Белсату”.

МЛ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары